Пра гэта пісьменнік Уладзімір Някляеў напісаў у сваім фэйсбуку.

«Айца Аляксандра Надсана не стала. Апостальскага візітатара для беларусаў-каталікоў замежжа, дырэктара Беларускай бібліятэкі ў музеі Францішка Скарыны ў Лондане, бліскучага гісторыка, літаратара, няўрымслівага, нястомнага прапаведніка беларушчыны ў свеце… 

Гэта горкая страта. І хоць даў яму Бог паважны век - горка нечаканая. Мне асабіста здавалася, што гэтаму святому чалавеку скону не будзе. Што заслужыў ён у Бога несмяроцце.

Зрэшты, ён яго й заслужыў. Найперш годным, верным, самаадданым служэннем беларускаму небу і беларускай зямлі, якая, хоць большую частку жыцця давялося пражыць яму на чужыне, была і застаецца для яго найкрэўнай, найроднай. І я ўпэўнены, што некалі, калі народ гэтай зямлі здабудзе тую шчаслівую, вольную, беларускую долю, пра якую марыў і дзеля якой пражыў жыццё Айцец Аляксандр, ён на гэтую зямлю вернецца, пакладзецца ў яе.

«Мне хацелася б, — казаў ён, — каб усе беларусы сябе адчувалі беларусамі, і на душы сумна, што многія гэтага не адчуваюць, але судзіць іх я не магу». І не судзячы беларусаў, ён ім служыў. Найвысокім служэннем. І нашчадкі нашы не раз яшчэ скажуць дзякуй — і паклоняцца яму за гэта».

а. Аляксандр Надсан, 2012, фота Н.Гардзіенкі

а. Аляксандр Надсан, 2012, фота Н.Гардзіенкі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0