Уладзімір Пуцін лічыць, што Беларусі і РФ неабходна дамовіцца аб адзіным узроўні субсідзіравання сельскай гаспадаркі.
Такое меркаванне ён выказаў сёння ў час тэлевізійнай прамой лініі з расіянамі, каменціруючы праблемы развіцця малочнай галіны ў краіне.
«Ёсць яшчэ адно пытанне, звязанае з сухім малаком, якое завозіцца да нас у вялікай колькасці», - адзначыў Уладзімір Пуцін.
Паводле яго слоў, сухое малако паступае ў РФ перш за ўсё з Беларусі, што паніжае цэны ў самой Расіі.
«Тут, гэтак жа, як у любым эканамічным аб'яднанні, мы з нашымі партнёрамі павінны будзем сумленна разбірацца, размаўляць, высвятляць і дамаўляцца аб адзіных спосабах і адзіным узроўні субсідзіравання сельскай гаспадаркі і яе асобных галін», — мяркуе Уладзімір Пуцін.
Прэзідэнт Расіі заявіў, што ўраду краіны неабходна павялічыць падтрымку аграрыяў унутры Расіі. «Ураду давядзецца гэта зрабіць - павялічыць падтрымку, у тым ліку гэтаму канкрэтнаму напрамку, калі мы хочам мець уласную малочную вытворчасць», - сказаў ён. Пры гэтым Уладзімір Пуцін прызнаў, што ў Расіі надоі пакуль нізкаватыя ў параўнанні з іншымі краінамі.