Візіт прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі ў Грузію адбудзецца 23—24 красавіка. Пра гэта паведамляе выданне «Грузія Анлайн» са спасылкай на МЗС краіны.

Як заявіў спікер МЗС Грузіі Давід Керэсэлідзэ, у рамках візіту Лукашэнка сустрэнецца са сваім грузінскім калегам Георгіем Маргвелашвілі, прэм'ер-міністрам Іракліем Гарыбашвілі і старшынёй парламента Давідам Усупашвілі.

Лукашэнка наведае і Батумі.

Кіраўнік Беларусі прыбудзе ў Грузію разам з бізнэс-дэлегацыяй. Па словах Давіда Керэсэлідзэ, іншыя дэталі праграмы візіту пакуль яшчэ ўдакладняюцца.

Стасункі Грузіі і Беларусі ў апошнія гады развіваліся хвалепадобна. Пасля перамогі «рэвалюцыі ружаў» у 2003 г. і прыходу да ўлады Міхаіла Саакашвілі паміж краінамі не было цесных кантактаў на высокім узроўні.

Перыядычна гучала ўзаемная крытыка кіраўнікоў абедзвюх дзяржаў. Аднак ужо ў 2007 годзе беларускі прэзідэнт заявіў, што ў яго «склаліся добрыя адносіны з Саакашвілі». Дадатковы імпульс адносінам надала пазіцыя Беларусі па непрызнанні незалежнасці Абхазіі і Паўднёвай Асеціі пасля расійска-грузінскай вайны 2008 года.

Саакашвілі нават павіншаваў Лукашэнку з перамогай на выбарах у 2010 годзе, нягледзячы на тое, што вынікі гэтых выбараў так і не былі прызнаныя ніводным з заходніх партнёраў Грузіі.

Пасля перамогі Георгія Маргвелашвілі на выбарах прэзідэнта Грузіі ў 2013 годзе Аляксандр Лукашэнка накіраваў яму афіцыйнае віншаванне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?