Прыбытак вытворцы мінеральных угнаенняў «Беларуськалія», які з'яўляецца адным з найбуйнейшых валютных донараў краіны, вырас у 2014 годзе больш чым у пяць разоў, сведчаць даныя гадавога балансу, які апублікавала кампанія. 

Паводле звестак за 2014 год, чысты прыбытак «Беларуськалія» склаў 7,2 трлн. рублёў (за 2013 год — 1,3 трлн. рублёў). Такім чынам, у 2014 годзе ў параўнанні з пазамінулым годам прыбытак кампаніі павялічыўся амаль у 5,4 разу. 

Згодна са справаздачнасцю, выручка ад рэалізацыі прадукцыі «Беларуськалія» склала за 2014 год 28,2 трлн. рублёў і павялічылася ў параўнанні з 2013 годам амаль у два разы. Разам з тым прыбытак ад рэалізацыі прадукцыі склаў па выніках 2014 года 11,5 трлн. рублёў і вырас у параўнанні з 2013 годам амаль у тры разы. 

Паводле звестак кампаніі, рэнтабельнасць продажу склала ў 2014 годзе 40,2%, што на 21 працэнтны пункт больш у параўнанні з 2013 годам. У кампаніі значны рост рэнтабельнасці летась тлумачаць павелічэннем продажу калійных угнаенняў і нулявой стаўкай вывазной мытнай пошліны на калійныя ўгнаенні, што экспартуюцца. 

Варта зазначыць, што ў канцы 2014 года з мэтай прыцягнення дадатковых даходаў у бюджэт у Беларусі было прынята афіцыйнае рашэнне, згодна з якім з 2015 года бярэцца вывазная пошліна пры экспарце калійных угнаенняў у памеры 45 еўра за тону. 

Апрача таго, 13 красавіка 2015 года ўрад прыняў яшчэ адно рашэнне для павелічэння даходаў бюджэту, якое закранула «Беларуськалій». 

Так, згодна з пастановай № 295, быў зацверджаны пералік высокарэнтабельных прадпрыемстваў, якія павінны пералічыць сёлета частку прыбытку ў бюджэтны фонд нацыянальнага развіцця. У адпаведнасці з пастановай «Беларуськалій» павінен будзе пералічыць у фонд са свайго прыбытку 323,7 млрд. рублёў. 

Як паведамлялася раней, высокарэнтабельныя арганізацыі пералічваюць у мэтавы бюджэтны фонд нацыянальнага развіцця частку прыбытку па выніках працы за пэўны перыяд часу звыш нарматываў, устаноўленых для дзяржпрадпрыемстваў на заканадаўчым узроўні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?