Расея будзе змушаная больш шчыльна супрацоўнічаць у вайсковай сфэры зь Беларусьсю ў выпадку разьмяшчэньня ПРА ЗША на тэрыторыі Польшчы. Пра гэта карэспандэнту ІА REGNUM 4 лютага заявіў член камітэту Дзяржаўнай думы РФ у справах СНД і сувязях з суайчыньнікамі Ўладзімер Нікіцін (КПРФ), камэнтуючы вынікі працоўнай сустрэчы ў Вашынгтоне кіраўнікоў зьнешнепалітычных ведамстваў Польшчы й ЗША Радаслава Сікорскага й Кандалізы Райс, па выніках якой было заяўлена, што дасягнуты «прынцыповыя дамоўленасьці» ў гэтым пытаньні.

Нікіцін адзначыў, што цяпер «Расея робіць крокі, скіраваныя на тое, каб не дазволіць ЗША разьмясьціць ПРА на тэрыторыі Польшчы». Дэпутат падкрэсьліў, што ў гэтай сытуацыі «багата будзе залежаць ад таго, як будзе паводзіцца пераемнік прэзыдэнта РФ Уладзімера Пуціна». Нікіцін адзначыў, што ў выпадку, калі прэзыдэнтам РФ стане першы віцэ‑прэм’ер ураду Дзьмітрый Мядзьведзеў, «ён будзе больш прыслухоўвацца да таго боку, чым да рускага народу, як чалавек празаходніх поглядаў».

«Я ня бачу ў ім цьвёрдага чалавека, які мог бы жорстка бараніць інтарэсы Расеі», — сказаў дэпутат.

«У выпадку разьмяшчэньня амэрыканскіх ПРА на тэрыторыі Польшчы, Расея будзе змушаная больш шчыльна супрацоўнічаць зь Беларусьсю, бо разумее, што Беларусь — наш фарпост, які ахоўвае 1200 км прасторы ў кірунку да Масквы», — заявіў член камітэту ў справах СНД.

Нікіцін таксама ня выключыў магчымасьці таго, што ў выпадку разьмяшчэньня ПРА ЗША ў Польшчы «са згоды беларускага народу на тэрыторыю Беларусі могуць быць вернутыя некаторыя віды ўзбраеньняў».

Паводле ИА REGNUM

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0