Пасол Францыі Мірэй Мюсо ў панядзелак заявіла: «Мы ведаем, якую ролю ў гэтым [палітвязьняў Дашкевіча і Аўтуховіча] вызваленьні адыграў спадар Лукашэнка. Па прычынах, якія я б не хацела тут тлумачыць, пасол Нямеччыны адыграў сапраўды асаблівую ролю». Мюсо таксама заявіла, што Францыя гатовая супрацоўнічаць зь Беларусьсю ў справах пабудовы АЭС.

Адказваючы на пытаньне, што ў сьвятле адзінай палітыкі Эўрасаюзу ў дачыненьні да Беларусі азначае сустрэча беларускага прэзыдэнта і пасла Нямеччыны, спн. Мюсо зазначыла:

«Існуе адзіная эўрапейская палітыка. І гэтая палітыка заключаецца ў тым, каб гаварыць аб неабходнасьці прадстаўленьня дэмакратычным сілам магчымасьці выказваць свае меркаваньні. Мы вітаем вызваленьне палітзьняволеных і спадзяёмся, што будуць і наступныя вызваленьні. І мы ведаем, якую ролю ў гэтым вызваленьні згуляў спадар Лукашэнка. Па прычынах, якія я б не хацела тут тлумачыць, пасол Нямеччыны згуляў сапраўды асаблівую ролю, і я шчасьлівая, што ён гэтай сваёй асаблівай роляй прынёс нейкі ўклад у вырашэньне ўзгаданых мной пытаньняў».

Адказваючы на пытаньне пра магчымы ўдзел Францыі ў пабудове беларускай АЭС, амбасадарка заўважыла, што яшчэ напрыканцы 2006 г. яе папярэднік садзейнічаў наладжваньню кантактаў беларускіх уладаў з францускімі спэцыялістамі ў сфэры атамнай энэргетыкі. Гэту палітыку Францыя прадоўжыць і ў далейшым, падкрэсьліла спн. Мюсо. «Цяпер, калі так можна сказаць, мяч, з аднаго боку, на баку тых, хто хацеў бы пабудаваць станцыю, з другога – на баку тых, хто мог бы яе пабудаваць. Што датычыць Францыі, то тут вядзецца пра прыватную кампанію «Apэва». Беларускае пасольства ў Францыі можа ўсталёўваць кантакты паміж зацікаўленымі структурамі ў Беларусі і прадстаўніцтвам францускай кампаніі”, – адзначыла пасол Францыі. Мірэй Мюсо дадала, што францускія ўлады былі б зацікаўлены ў тым, каб беларуская АЭС была абсалютна бясьпечнай і адпавядала ўсім стандартам МАГАТЭ. «Упэўнена, што беларускія ўлады, улічваючы горкі вопыт чарнобыльскай катастрофы, прыкладуць максымум намаганьняў для забесьпячэньня бясьпекі праекту», — сказала пасол.

Да ліпеня 2008 г. Францыя прадстаўляе мясцовае старшынствo Эўрасаюзу ў Беларусі ад імя Славеніі. У другім паўгодзьдзі Францыя будзе старшыняваць ад свайго імя.

Сямён Печанко

* * *

Дзяніс Мельянцоў: У Брусэлі сустрэча Лукашэнкі і Вайса выклікала шок

«Зь неафіцыйных крыніц ведаю, што сустрэча пасла Вайса з Аляксандрам Лукашэнкам выклікала шок і неразуменьне у Брусэлі. У структурах ЭС такая сустрэча не была заплянаваная, яна ўвогуле супярэчыць палітыцы Эўрасаюзу. Магчыма, Нямеччына і Францыя неяк скарэктавалі сваю замежную палітыку ў дачыненьні Беларусі. Не выключаю, што гэта можа быць зьвязана з адкрыцьцём у Менску офісу Эўракамісіі. Афіцыйныя ўлады кажуць, што вядуцца перамовы на гэты конт, але наколькі я ведаю яны даўно сьціхлі, а адказу ніякага няма. Не выключаю, што такім чынам спадар Вайс спрабуе ўсё ж паспрыяць адкрыцьцю гэтага офісу. Пасьля чаго палітыка Германіі зробіцца такой, як была да гэтага. Думаю, што Францыя можа быць зацікаўленай у супрацоўніцтве зь Беларусьсю адносна пабудовы АЭС. Разам з тым, я ўпэўнены, што міжнародныя кантакты пазытыўна ўплываюць на Беларусь. Гэта адкрывае магчымасьці для новых сувязяў у палітыцы, эканоміцы, таму сустрэчу Лукашэнкі і Вайса можна ацэньваць пазытыўна».

Запісаў Зьміцер Панкавец

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0