У хуткім часе па з'яўленні заявы Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што 9 Мая ён не зможа наведаць Маскву, на расейскім прапагандысцкім рэсурсе Lifenews з'явіўся артыкул, названы «Эксперты: Лукашэнка звяртаецца да хітрых адгаворак».

Эксперт там адзін: палітолаг Багдан Бяспалька, дырэктар Цэнтра ўкраіністыкі і беларусістыкі МДУ. Ён лічыць, што «нежаданне прыехаць на парад у Маскву — сімвалічны акт: і сігнал Захаду, і спроба не сапсаваць адносіны з Масквой».

«Калі ў 2005 годзе ў Расіі адзначалася 60-годдзе Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, Аляксандр Лукашэнка паспеў і на парадзе ў Маскве пабываць, і прыняць свой уласны парад у Мінску», — нагадвае Бяспалька і прагназуе, што калі на гэты раз Лукашэнку «не ўдасца выкруціцца з сітуацыі», то «на расійскім узроўні яго стануць ўспрымаць інакш, чым цяпер». Бо «многія з яго прамоў не знаходзілі годнай рэакцыі ні ў расійскіх СМІ, ні ў розумах расейскіх палітыкаў».

У якасці варыянту вырашэння праблемы Бяспалька прапануе Аляксандру Лукашэнку «прызначыць чалавека, якому не сорамна даручыць прыняць Парад Перамогі ў Мінску 9 Мая», а самому паехаць-такі ў Маскву.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0