Пра загадку малавядомага фота Вінцука Дуніна‑Марцінкевіча піша Сяргей Харэўскі

Фатаздымак, зьмешчаны на першай паласе «Нашае Нівы» за 1910 год у № 48, да артыкула «У 25‑летнюю гадаўшчыну сьмерці В.Дуніна‑Марцінкевіча», міжволі зварачае на сябе ўвагу нестандартным, малазнаным вобразам клясыка. Мы «звыклі» ўяўляць Марцінкевіча грузным, азызлым, нібы расьціснутым, якім ён паказаны на пазьнейшым здымку. Тут жа мы бачым энэргічны твар з высокім ілбом і ясным позіркам скрозь шкельцы элеганцкіх акуляраў. Подпіс пад здымкам сьведчыць, што на ім «В. Дунін‑Марцінкевіч, з фатаграфіі, зробленай у Менску ў 60‑х гадах».
Ці гэта насамрэч Дунін‑Марцінкевіч? Выдаўцы «Нашай Нівы» браты Луцкевічы, якія прысьвяцілі творчасьці сталічнага культурнага героя нямала публікацыяў, памыліцца не маглі. Балазе, іх бацька Ян Баляслаў быў у прыяцельскіх стасунках з аўтарам «Гапона». Луцкевічы ж, пэўна, як сябры рэдакцыі, маглі й прадставіць сам фатаздымак. Прыпушчаю, што з уласнага сямейнага архіву.
Хто мог быць аўтарам гэтага здымку?
Варыянтаў няшмат.

У 1860‑я гады ў Менску былі фотамайстэрні Эмерыка Адамовіча, Станіслава Антона Прушынскага і Якава Брафмана. Каб зразумець некаторыя акалічнасьці тагачаснае атмасфэры ў Менску, прывяду цытату з часопіса «Фотографической иллюстрации», першага ў Расейскай імпэрыі часопісу фатаграфіі, апошні нумар якога (№ 8—9 за 1863 г.), выйшаў у Менску: «Дзьве адзіныя ў горадзе фатаграфіі, першая Прушынскага, даволі недасьведчанага фатографа, які карыстаецца падтрымкай польскага насельніцтва і ў цяперашні час арыштаваны за ўдзел у мяцяжы, — другая Якава Аляксандравіча Брафмана, выдатнага фатографа, што заслугоўвае па майстэрстве сваім заняць найганаровейшае месца ў коле нашых расейскіх фатографаў».
Малавераемна, што аўтарам здымку Марцінкевіча мог быць Брафман. Пагатоў, нам дакладна ведама, што менавіта Прушынскі быў аўтарам здымку Дуніна‑Марцінкевіча, вядомага сёньня кожнаму школьніку. Больш за тое, фатограф Антон Прушынскі, 9 лютага 1852 г., выканаў ролю Караля Лятальскага падчас прэм’еры «Сялянкі». Дакумэнтальна пацьверджаны і факт існаваньня ў Менску фотамайстэрні Прушынскага ў 1861 г. Але, надта ж розьніцца здымак з «НН» 1910 году, ад славутага фотапартрэта Дуніна‑Марцінкевіча, на якім пісьменьнік апрануты ў вопратку зь цёмнымі палосамі, засьцянковую паўстанцкую чамарку…
Тое першае магло быць зроблена Эмерыкам Адамовічам. На адзіным дакумэнтальна атрыбутаваным яго здымку выяўлены апошні менскі біскуп ХІХ ст. Адам Вайткевіч. Стылістычнае й фарматнае падабенства са здымкам Дуніна‑Марцінкевіча — відавочнае. Вядома, што Эмерык Адамовіч быў выпускніком катэдры прыгожых мастацтваў пры Віленскім унівэрсытэце, і ад 1840‑х выкладаў у Менскай мужчынскай гімназіі. Яго дачка Жазэфіна адчыніла ўласнае фотаатэлье ў Менску ў 1870‑я.
Але як мог Марцінкевіч гэтак зьмяніцца? Згадаем жыцьцёвыя варункі. Пасьля таго, як быў зроблены партрэт, друкаваны на першай старонцы «НН» у 1910 г., Дунін‑Марцінкевіч больш году правёў пад сьледзтвам у Менскім астрозе ‑‑ па справе «О помещике Марцинкевиче, рассылавшем в Западные губернии возмутительные воззвания…» (1861). Пры канцы таго ж трагічнага для яго сям’і году, дачку Марцінкевіча, Камілу, арыштавалі за «нядобранадзейнасьць». Доказам стаў фатаздымак таго ж А.Прушынскага, на якім Каміла зьнятая ў атачэньні патрыётаў у паўстанцкіх чамарках. Камілу зьмясьцілі ў вар’ятню, аднак пад напорам грамадзкасьці неўзабаве мусілі выпусьціць. Тады ж, дарэчы, арыштоўвалі і фатографа Прушынскага. Пасьля грымнуў 1863 год. У лютым Камілу зноў бяруць пад варту і высылаюць. У тым жа годзе, пасьля другога арышту, выехаў пад канвоем у Томск і А.Прушынскі.
А Дунін‑Марцінкевіч, пасьля адседкі ў Пішчалаўскім замку (сёньняшняя «Валадарка») жыў пад пільным паліцэйскім наглядам «бяз тэрміну»… 12 гадоў ён правёў бязвыезна ў Люцынцы.
Выходзіць, што між двума здымкамі адлегласьць усяго пару гадоў! Цяжар жыцьцёвых клопатаў і беды, што абрынуліся на сям’ю Марцінкевіча, зьмянілі яго блізу непазнавальна…
Хоць пытаньне пра аўтарства «нашаніўскага» здымку застаецца адкрытым, дата не выклікае сумневу — 1860 год. А ці быў фатографам Эмерык Адамовіч ці Станіслаў Антон Прушынскі высьветліць можна будзе толькі знайшоўшы арыгінал. І справа гэта не такая безнадзейная, як можа падацца. Да прыкладу, арыгінал «хрэстаматыйнага» здымку Дуніна‑Марцінкевіча, быў адшуканы наноў у фондах Дзяржаўнага музэю БССР толькі ў 1984 г.
Каментары