Лідар Кансерватыўна-хрысціянскай партыі — БНФ Зянон Пазняк заклікаў беларусаў не дапусціць праезду расійскіх байкераў па тэрыторыі Беларусі. 

Прыблізна тыдзень таму прадстаўнікі расійскага клуба байкераў «Начныя ваўкі» абвясцілі правядзенне з 25 красавіка па 9 мая мотапрабегу Масква — Берлін цераз Мінск, Брэст, Вроцлаў, Брно, Браціславу, Вену, Прагу, Мюнхен і іншыя еўрапейскія гарады. На тэрыторыі Беларусі яны плануюць знаходзіцца 25—26 красавіка, заехаць у Хатынь, да Кургана Славы і ў Брэсцкую крэпасць. Акцыя прымеркаваная да 70-годдзя Перамогі. 

Захопу Крыма і Усходняга Данбаса Расіяй папярэднічалі ў тым ліку і прабегі «Начных ваўкоў» туды.

Прэзідэнт мотаклуба «Начныя ваўкі» Аляксандр Залдастанаў (Хірург) з'яўляецца ініцыятарам руху «Антымайдан» і ўваходзіць у лік грамадзян РФ, якія трапілі ў спіс неўязных у краіны ЕС. 

Польскія байкеры і грамадскія актывісты ўжо заявілі пра намер сарваць мотапрабег, які яны разглядаюць як «пачатак расійскай агрэсіі» ў Еўрасаюзе. 

У відэазвароце, размешчаным на YouTube, Зянон Пазняк назваў планы расійскіх байкераў «не проста правакацыяй, а нахабнай пазіцыяй людзей, якія не лічаць патрэбным лічыцца ні з чым святым». «Гэтыя людзі, якія бралі ўдзел у акупацыі Украіны, якія выказвалі фашысцкія лозунгі, хочуць праехаць па Беларусі, якая страціла столькі людзей падчас апошняй вайны», — заявіў палітык, што з 1996 года знаходзіцца ў эміграцыі. 

Пазьняк адзначыў негатыўную рэакцыю палякаў на мотапрабег і заклікаў беларускае грамадства не дапусціць праезду па краіне «фашысцкай групы». «Ёсць магчымасць, людзі, ёсць моладзь, якая здольная гэта зрабіць», — мяркуе лідар КХП-БНФ. 

На яго думку, правакацыя з мотапрабегам задуманая з мэтай праверыць рэакцыю беларусаў: «Калі не будзе супраціўлення, гэта будзе сігнал, што можна працягваць гэта далей, можна паўтарыць гісторыю, якая была ў Крыме». «Думаю, што беларусы скажуць сваё слова, і гэтая банда не праедзе», — заключыў Зянон Пазьняк.

Між тым байкеры з беларускага аддзялення мотаклуба «Начныя ваўкі» на мінулым тыдні паведамілі БелаПАН, што збіраюцца сустрэць удзельнікаў мотапрабегу на расійска-беларускай мяжы і суправадзіць іх да мяжы з ЕС. Яны маюць намер узгадніць маршрут мотапрабегу з мясцовымі ўладамі пасля атрымання больш дакладнай інфармацыі пра акцыю, што рыхтуецца. 

Прадстаўнікі іншых байкерскіх клубаў (Беларуская асацыяцыя мотаклубаў аб'ядноўвае 10 клубаў) не збіраюцца далучацца да мотапрабегу, спасылаючыся на ўласныя планы. А ў мотаклубе Racing Clan БелаПАН проста заявілі, што не ўдзельнічаюць у мотапрабегу, бо ён «патыхае палітыкай». 

Прадстаўнік клуба Iron Brothers у сваю чаргу паведаміў, што раней члены расійскага клуба «Начныя ваўкі» прапаноўвалі ім паехаць у Луганскую і Данецкую вобласці, але атрымалі адмову.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?