Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей 20 красавіка ў Люксембургу прыняў удзел у міністэрскай сустрэчы краін - удзельніц ініцыятывы «Усходняе партнёрства» (УП), якая была прысвечана падрыхтоўцы Рыжскага саміту.
«У часе візіту кіраўнік беларускага знешнепалітычнага ведамства таксама правёў шэраг сустрэч з кіраўніцтвам Еўрапейскай камісіі, Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў, міністрамі замежных спраў краін - членаў ЕС і краін - партнёраў УП, у ходзе якіх былі абмеркаваны актуальныя пытанні і магчымасці пашырэння беларуска-еўрапейскага супрацоўніцтва, а таксама двухбаковага ўзаемадзеяння», - удакладнілі прадстаўнікі беларускага МЗС.
Выступаючы на пленарным пасяджэнні міністэрскай сустрэчы, Уладзімір Макей выклаў падыходы Беларусі да развіцця адносін з Еўрапейскім саюзам і ўдзелу краіны ва «Усходнім партнёрстве». Акрамя таго, ён падкрэсліў неабходнасць забеспячэння сапраўднага раўнапраўя паміж ЕС і краінамі - партнёрамі УП, большага уліку іх інтарэсаў і факусоўкі на прыкладных сферах супрацоўніцтва. Міністр таксама заклікаў да хутчэйшага пачатку дыялогу паміж ЕС і Еўразійскім эканамічным саюзам з перспектывай фарміравання агульнай эканамічнай прасторы як ключавога элемента доўгатэрміновага міру і працвітання ў рэгіёне.
Правядзенне Рыжскага саміту «Усходняга партнёрства» запланавана на 21-22 траўня.