25 гадоў, якраз на Радаўніцу, памёр мой дзед Ягор. Гэты здымак зроблены ў 41-м – калі ён ўжо атрымаў зьвестку, што ягоная 28-гадовая жонка (мая бабка) на трэці тыдзень вайны загінула ад асколку, пакінуўшы траіх дзяцей (малодшай было дзевяць месяцаў, старэйшай — маёй маці — пяць гадоў).

Дзед усё вайну прайшоў шоферам на палутарцы, цягаў «соракапяткі» (такімі ж «соракапяткамі» камандаваў і лейтэнант Быкаў). На салдацкім жаргоне іх называлі «Смерть врагу — п…ец расчёту», маючы на ўвазе, што па іх нямяцкая артылерыя біла найперш.

Дзіўным чынам, праз дзесяцігодзьдзі мне давялося служыць у ракетным дывізіёне, які пасьля пуску ракеты быў бы запеленгаваны і зьнішчаны на 5—7-й хвіліне.

У дзяцінстве кожнае лета я праводзіў у яго ў вёсцы пад Магілёвам (а не ў «Артэку», як заяўляў з трыбуны ВС дэпутат Лукашэнка).

Дзед ня меў адукацыі. Зусім. Ну, якіх тры класы. Затое актыўна наведваў калгасную бібліятэку і, напрыклад, Джона Апдайка, які быў у нашай унівэрсытэцкай праграме, я ўзяў зь ягонай шафы. Я шмат яму пісаў – і з Віцебску і з Менску, і са студэнцкіх будатрадаў, і з войска, і дасылаў нейкія свае публікацыі.

У 96-ым (дзеда ўжо не было), калі мы з Пазьняком папрасілі палітпрытулак у ЗША, на тэлерадыё пачалася масіраваная кампанія нашага цкаваньня. Апагеем былі словы Лукашэнкі на сустрэчы з кіраўнікамі СМІ, што мы — ворагі народа. Наш народ добра памятае, што рабілі з раднёй ворагаў народа. Мая цётка паехала ў вёску і сабаўшы ўсе мае лісты (сотні лістоў), вынесла іх ў агарод і распаліла вогнішча. Тады я пакрыўдзіўся, а цяпер разумею, што зрабіла яна правільна. Добра, што лісты тыя ніхто ніколі не прачытае — яны былі адрасаваныя толькі дзеду.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?