Зборная Беларусі па футболе сёньня правяла другі матч міжнароднага турніру, што праходзіць на Мальце. У першым матчы нашы хлопцы перамаглі Ісьляндыю — 2:0 (галы забівалі Раман Васілюк і Павал Пласконны).

Гэтым разам супернікам была зборная Арменіі. Бэрнд Штанге ня змог выставіць на матч аптымальны склад, бо фіксаванай датай ФІФА зьяўляецца толькі 6 лютага, і некаторыя клюбы на законнай падставе адмовіліся адпускаць сваіх гульцоў на ўсе матчы.

Беларусы адкрылі лік у гульні ўжо на 5‑ай хвіліне, вызначыўся апальны Вячаслаў Глеб. Пасьля гэтага супернікі перахапілі ініцыятыву і забілі па мячы ў абодвух таймах — 1:2. Арменія з 6 пунктамі ўзначальвае табліцу турніру.

У апошнім матчы Беларусь сустрэнецца з гаспадарамі турніру. На гэтую гульню пад’едуць многія лідэры зборнай, у тым ліку Аляксандар Глеб, Віталь Кутузаў, Юры Жаўноў. Пройдзе яна 6 лютага а 20:45.

Зьміцер Панкавец

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0