Аналітык СМІ Стывен Эніс паглядзеў выпускі навін расійскіх тэлеканалаў і выкрыў у іх намер дэзынфармаваць і маніпуляваць свядомасцю гледачоў.

На прыкладзе таго, як расійскае тэлебачанне асвятляе баі ў сяле Шырокіна на ўсходзе Украіны, можна ўбачыць, якія прыёмы яно выкарыстоўвае, каб стварыць у гледача падманлівае ўражанне аб канфлікце ў гэтым рэгіёне.

Шырокіна — ключавая кропка каля стратэгічна важнага партовага горада Марыупаль. Нягледзячы на пагадненне аб спыненні агню, дасягнутае ў лютым у Менску, там апошнім часам рэгулярна адбываюцца баявыя дзеянні.

Кадр: тэлеканал «Расія 1»

Кадр: тэлеканал «Расія 1»

1. Відэашэраг дэзынфармуе

На працягу мінулага тыдня расійскае тэлебачанне пастаянна сцвярджае, што пагадненне аб спыненні агню ў раёне Шырокіна парушаюць выключна ўкраінскія ўзброеныя сілы, у асаблівасці добраахвотніцкі батальён «Азоў». У рэчаіснасці ж, паводле справаздач місіі назіральнікаў АБСЕ, з цяжкасцю дасягнутае перамір'е парушаюць абодва бакі.

У выпуску навінаў у прайм-тайм 20 красавіка на афіцыёзным канале «Расія 1» прагучала сцвярджэнне, што парушэнні перамір'я з боку Украіны сталі штодзённай практыкай.

Калі карэспандэнт прамаўляў гэтыя словы, гледачам дэманстравалі разбураныя будынкі і нешта падобнае на труп, прыкрыты ружовай прасцінай. Затым паказалі, як чацвёра назіральнікаў АБСЕ выносяць гэты труп на імправізаваных насілках.

Кадр: тэлеканал «Расія 1»

Кадр: тэлеканал «Расія 1»

Глядач, супаставіўшы малюнак і каментар карэспандэнта, павінен зрабіць выснову, што перад ім ахвяра ўкраінскага абстрэлу.

Але, як вынікае з рэпартажу радыё «Свабода», забіты на самай справе быў грамадзянінам Грузіі, які ваяваў на баку Украіны; ён быў застрэлены пры спробе ўсталяваць украінскі сцяг на тэрыторыі, кантраляванай сепаратыстамі, якіх падтрымлівае Расія. У рэпартажы радыё «Свабода» намеснік кіраўніка місіі назіральнікаў АБСЕ Аляксандр Хаг тлумачыў, што цела загінулага было замініравана. Ён таксама сказаў, што пасля цела было вернута ўкраінскаму боку.

Выкарыстанне дэзынфармацыйнага відэашэрагу для расейскага ТБ — ужо збіты прыём. Іншы нядаўні прыклад можна знайсці ў рэпартажы тэлекампаніі НТВ, якая належыць «Газпром-Медыя», ад 5 красавіка, дзе жыхар Усходняй Украіны сцвярджаў, што бачыў ваенны самалёт, які ляціць побач з малайзійскім «Боінгам», збітым у ліпені. Пакуль ён казаў, на экране быў паказаны знішчальнік, які ляціць скрозь воблака дыму.

Меркавалася, што глядач павінен паверыць, быццам яму паказваюць той самы ўкраінскі самалёт? Цяжка сказаць, але малюнак відавочна павінен быў дадаць словам «відавочцы» ілжывую важкасць.

2. Выдуманыя гісторыі

Расійскае тэлебачанне не толькі распавядае аб парушэннях перамір'я з боку ўкраінскіх ваенных, яно таксама абвінавачвае іх у наўмысным гвалце супраць мірнага насельніцтва.

Карэспандэнт Аляксандр Білібаў каментаваў тое, што гледачы бачылі на экране: «У гэтым відэароліку, які ўкраінскія сілавікі самі выклалі ў інтэрнэт, вы бачыце пазіцыі батальёна «Азоў» каля Шырокіна. Байцы Нацыянальнай гвардыі прыцэльна страляюць па мясцовых жыхарах, якія асмельваюцца выйсці на вуліцу».

Кадр: тэлеканал «Расія 1»

Кадр: тэлеканал «Расія 1»

Аднак поўная версія гэтага відэасюжэта, размешчанага, сярод іншых месцаў, на ўкраінскім сайце «Цензор.нет», распавядае зусім іншую гісторыю. Па-першае, мінамётным стрэлам папярэднічала інтэнсіўная стральба з ручной зброі; можна меркаваць, што боесутыкненне ўжо працягвалася некаторы час (місія АБСЕ адзначала шматлікія перастрэлкі ў Шырокіна).

Па-другое, баец, чый голас чутны ў відэасюжэце, страляе зусім не па мірных асобах на вуліцы. Ён кажа, што ў маленькім доміку жывая сіла сепаратыстаў і што яны, падобна, спрабуюць адтуль сысці. Крыху пазней мінамётны абстрэл накрывае прызначаную мэту.

3. Ілжывая інтэрпрэтацыя і адсячэнне нязручнай інфармацыі

Непасрэдна пасля відэафрагмента з мінамётным агнём у сюжэце Білібава з'яўляецца пажылая жанчына, адна з некалькіх дзясяткаў мірных жыхароў, што да гэтага часу застаюцца ў Шырокіна. «Яны стралялі ў вас?» — пытаецца Білібаў. Жанчына ў слязах распавядае яму, што ёй давялося хавацца ад страляніны ў склепе.

Жанчына паказаная як чарговая ахвяра бязлітасных «карнікаў», як любіць называць украінскія войскі расійскае дзяржаўнае тэлебачанне.

Кадр: тэлеканал «Расія 1»

Кадр: тэлеканал «Расія 1»

Але хоць яна цалкам магла пацярпець ад украінскага мінамётнага абстрэлу, меркаванне гэтай жанчыны пра канфлікт ашаламляльна адрозніваецца ад таго, якое транслюецца расейскім ТБ.

За некалькі дзён да гэтага ў сюжэце карэспандэнта міжнароднага навінавага канала VICE News Саймана Астроўскага гэтая ж жанчына лаяла прадстаўніка арміі сепаратыстаў Эдуарда Басурына.

Яна казала, што была напалохана з'яўленнем узброеных людзей на вуліцах і ўмольвала Басурына пакінуць яе сяло ў спакоі. «Мы хочам, каб вы ўсталявалі мяжу і пакінулі нас ва Украіне», — казала яна сепаратыстам.

Як выявіў сам Астроўскі пасля таго, як у мінулым годзе ва Усходняй Украіне трапіў у палон да паўстанцаў, якіх падтрымлівае Расія, расійскае дзяржаўнае тэлебачанне не паказвае сюжэты, якія не пасуюць крамлёўскаму парадку дня.

Неўзабаве пасля свайго вызвалення з палону Астроўскі даў інтэрв'ю карэспандэнту канала «Расія 1» Яўгену Папову, дзе распавёў, як з ім абыходзіліся сепаратысты. Але інтэрв'ю так і не з'явілася ў эфіры «Расеі 1», паколькі, як заўважыў Астроўскі, яно не адпавядала прапагандысцкім мэтам канала.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?