Беларуская чыгунка сёлета да канца году распачне выкананьне праекту па электрафікацыі чыгуначных пуцей у кірунку Асіповічы — Жлобін. Плянуецца, што пасьля яго завяршэньня будзе электрыфікаваны чыгуначны ўчастак Жлобін — Гомель.
Карыстаньне з электрычнай цягі на чыгуначных шляхах каштуе ў сярэднім на 30% таньней за дызэльнае паліва. Гэта дазволіць значна зьменшыць выдаткі на транспартныя перавозкі грузаў. Да таго ж, перавод руху на электрычную цягу будзе спрыяць паляпшэньню экалягічнай сытуацыі ў рэгіёне, бо спыняцца выкіды ў паветра шкодных рэчываў.
У пэрспэктыве электрафікацыю пуцей павядуць і ў кірунку Маладэчна — Гудагай — Вільня. Плянуецца, што гэты праект будзе выкананы беларускай магістральлю супольна зь літоўскімі калегамі, якія гатовыя выканаць работы па электрафікацыі на сваёй тэрыторыі. Чыгунка Літвы прапануе пачаць рэалізацыю праекту ў 2010 годзе, хоць беларусы гатовыя завінуцца раней.