Аляксей Шыдлоўскі

Пра гэта БелаПАН паведаміла яго жонка Марына Лебедзева.

Паводле яе слоў, А.Шыдлоўскі вымушаны прасіць палітычнае прыстанішча ў сувязі з тым, што ў Беларусі ў дачыненні да яго распачата справа паводле ч. 3 арт. 339 Крымінальнага кодэкса (хуліганства), на падставе якой яму пагражае 10 гадоў пазбаўлення волі. М.Лебедзева патлумачыла, што крымінальная справа была распачата пасля бойкі ў краме. "Гэта была правакацыя, — лічыць жонка. — Лёша пасварыўся з прадаўцом крамы з-за партрэта Лукашэнкі, што стаяў на прылаўку. Лёша гэты партрэт ставіў тварам уніз, а прадавец яго падымаў. Затым прадавец штурхнуў Лёшу, пачаў яго біць. Да іх падбег яшчэ адзін супрацоўнік крамы, і яны пачалі біць яго удвух, а Лёша стаў адбівацца. Тут жа прыйшла міліцыя і арыштавала Лёшу".

М.Лебедзева паведаміла, што цяпер А.Шыдлоўскі знаходзіцца ў Чэхіі ў спецыяльным лагеры для бежанцаў. "Ён месяц павінен быць у каранціне, — сказала жонка. — Пасля завяршэння гэтага тэрміну пачнецца разгляд яго дакументаў на атрыманне статусу палітычнага бежанца і атрыманне жэнеўскага пашпарта. Разгляд справы можа доўжыцца ад двух месяцаў да двух гадоў".

Нагадаем, у лютым 1998 года А.Шыдлоўскі быў прыгавораны да 1,5 года пазбаўлення волі па абвінавачанні ў злосным хуліганстве за нанясенне антыпрэзідэнцкага графіці на сценах дамоў горада Стоўбцы Мінскай вобласці. У 2001 годзе за ўдзел у дзейнасці незарэгістраванага маладзёжнага руху "Зубр" А.Шыдлоўскі быў прыгавораны да двух гадоў папраўчых работ і выключаны з Інстытута сучасных ведаў.

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0