У 2013 годзе мінскі вандроўнік і актывіст веларуху Аляксей Ландэрс за 100 дзён праехаў 11 краін Еўропы. У 2015-м ён выправіўся ў значна больш маштабную вандроўку.

Аляксей хоча праехаць праз Украіну, Румынію, Баўгарыю, Турцыю, збочыць у Арменію, Грузію, Азербайджан, затым у Іран, Пакістан, Індыю, Непал і Кітай.

«Азія вялікая і можна вельмі шмат паглядзець, а самае галоўнае, я шмат чуў пра тое, што людзі там гасцінныя», — тлумачыць Аляксей свой маршрут.

У падарожжы ён збіраецца знаёміць жыхароў іншых краін з Беларуссю, распавядаць пра сваю краіну. Але гэта не адзіная мэта вандроўкі.

«Падарожнічаю з многіх прычын: тут і адпачынак, і актыўны адпачынак, гасціннасць людзей, бясцэнны досвед», — распавядае ён.

Вандроўка, якую Аляксей распачаў 20 красавіка, завершыцца толькі ў канцы 2016 года, а то і на пачатку 2017 года.

«Канкрэтнага адказу, чаму такія доўгія вандроўкі, няма. Падабаецца! — смяецца Аляксей. — Калі на два тыдні выпраўляешся, не паспяваеш цалкам спазнаць краіну і людзей».

Па словах вандроўніка, родныя, якія не пабачаць яго паўтара года, безумоўна хвалююцца. Але знаёмыя падтрымліваюць смелую ідэю Аляксея. Падтрымку ён мае і ад спонсараў, і нават ад беларускіх чыноўнікаў.

Едзе Аляксей на ровары вытворчасці мінскага «Мотавела» — не звычайным, а выпушчаным у адзіным экзэмпляры, сабраным спецыяльна для яго з адмысловых замежных дэталяў.

На сваю вандроўку Аляксей збіраецца патраціць зусім нямнога грошай: з сабой ён бярэ толькі 2,5 тысячы даляраў.

«Я вандрую бюджэтна, таму Азія па цэнах — самае тое. Без грошай я, вядома, не рэкамендую ездзіць, хоць ёсць такія людзі, — кажа ён. — Проста па мне спакайней, калі ёсць грошы на ежу. І калі падарожнічаеш на ровары, неабходна папаўняць калорыі: калі не есці, не піць дастаткова, можна нашкодзіць здароўю».

За тры дні дарогі па Беларусі ён практычна не патраціў грошай. Збольшага яны сыдуць на ежу — многа Аляксею для жыцця ў дарозе не трэба.

З сабой вандроўнік бярэ адзенне ў герметычных мяшках, красоўкі і кантактны велаабутак, сродкі гігіены і адмысловыя рушнікі, што хутка сохнуць, турыстычны матрац і партатыўную плітку, запчасткі для ровара, а таксама тэлефон, ноўтбук і камеру GoPro.

Уражаннямі ад вандроўкі Аляксей абяцае дзяліцца ў сацсетках і на ўласным сайце.

Атрымаць візы для такога падарожжа няцяжка, сцвярджае Аляксей. Але пасольстваў многіх краін у Мінску проста няма, таму частку віз ён збіраецца атрымаць ужо ў дарозе.

Культуру і традыцыі краін, праз якія праходзіць вандроўка, Аляксей адмыслова не вывучаў. З імі ён хоча пазнаёміцца непасрэдна на месцы, атрымаць інфармацыю і ўражанні «з першакрыніцы» — ад мясцовых жыхароў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?