Гомельскія журналісты-фрылансеры Наталля Крывашэй і Канстанцін Жукоўскі аштрафаваныя кожны на 5,4 мільёна рублёў (30 базавых велічынь) на падставе артыкула 22.9 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (парушэнне заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі).

Такое рашэнне вынесла 24 красавіка суддзя Цэнтральнага раёна Гомеля Марына Домненка, разгледзеўшы адміністрацыйныя пратаколы, складзеныя Нараўлянскім РАУС. 

Супрацоўнікі Нараўлянскага РАУС склалі пратаколы за парушэнне артыкула 22.9 КоАП (незаконны выраб прадукцыі СМІ). Паводле пратаколаў журналісты-фрылансеры 12 сакавіка, «не маючы адпаведнай акрэдытацыі пры Міністэрстве замежных спраў на ажыццяўленне дзейнасці журналіста, незаконна інтэрв'юявалі жыхароў вёскі Буда-Галоўчыцкая Нараўлянскага раёна, тым самым незаконна ўдзельнічалі ў вырабе прадукцыі СМІ». Сюжэт пра тое, што ў Нараўлянскім раёне пенсіянеры вымушаныя плаціць вялікія сумы за свае дамы, быў паказаны ў эфіры тэлеканала «Белсат». 

Суддзя адхіліў хадайніцтвы аб вядзенні працэсу на беларускай мове. Яна таксама адхіліла хадайніцтвы Канстанціна Жукоўскага аб перапынку паміж пасяджэннямі, каб падрыхтавацца да працэсу і, магчыма, скарыстацца паслугамі адваката, і аб адводзе суду. Таксама журналіст-фрылансер выступіў з хадайніцтвам памаліцца перад судом, але і гэтую просьбу Марына Домненка адхіліла. Канстанцін Жукоўскі заўважыў, што такім чынам суддзя абразіла яго рэлігійныя пачуцці. 

Наталля Крывашэй нагадала суду, што Канстытуцыя гарантуе ёй права збіраць і распаўсюджваць інфармацыю. Фрылансер пацвердзіла, што сапраўды была ў Нараўлянскім раёне і апытвала мясцовых жыхароў, каб данесці да грамадскасці іх праблемы. Пра гэтую праблему — высокія цэны за дамы — яна паведаміла ў сваім блогу. «Маю інфармацыю выкарыстоўваюць розныя выданні, у тым ліку і ўкраінскія, у тым ліку і сайт газеты «СБ. Беларусь сегодня», дзе быў размешчаны мой матэрыял. Тады чаму мяне судзяць за «Белсат», які выкарыстоўваў мае матэрыялы, а не за «СБ. Беларусь сегодня»?» — заўважыла на судзе Крывашэй. 

Яна не прызнала сябе вінаватай, як і яе калега. Жукоўскі адзначыў: ён вінаваты толькі ў тым, што жыве тут і гаворыць праўду. «У нас адзін прэзідэнт, а чыноўнікаў вельмі шмат, і ён не можа адзін за ўсімі прасачыць, таму я яму спрабаваў дапамагчы — здымаў пра праблемы жыхароў вёскі. Бо вынікае, што мясцовыя чыноўнікі сваімі дзеяннямі дыскрэдытуюць прэзідэнта перад яго электаратам — пенсіянерамі», — растлумачыў у судзе фрылансер. 

Паводле яго слоў, зняты матэрыял ён даслаў розным выдання, на што мае права, гарантаванае Канстытуцыяй. 

Праваабаронца Алесь Яўсеенка, які прысутнічаў на судзе, назваў парушэннем адхіленне ўсіх хадайніцтваў. Яны, паводле яго меркавання, былі цалкам законныя — вядзенне працэсу на роднай мове, магчымасць мець абарону. 

З пастановай суда журналісты-фрылансеры не згодныя і будуць яе абскарджваць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?