Госці з паўднёвага ўсходу Беларусі ў міжсезонне істотна абнавілі свае шэрагі. Каманду пакінулі амаль усе ўзроставыя і дасведчаныя футбалісты (за выключэннем Блізнюка, Сітко, Гаўрыловіча і Савасцьянава).

Фактычна, у аснове палешукоў сёння выходзяць учорашнія дублёры. І трэба сказаць, што з такімі гульцамі «Гомель» не павінен прапасці.

Перад пачаткам сезона многія прадказвалі гамельчукам барацьбу за выжаванне, аднак у двух стартавых турах каманда Уладзіміра Гольмака спачатку адужала бабруйскую «Белшыну», а потым згуляла ўнічыю з гродзенскім «Нёманам». Зрэшты, можна сказаць, што ўзровень папярэдніх супернікаў — гэта не раўня БАТЭ. Таму менавіта сустрэча ў Барысаве павінна была стаць экзаменам для «Гомеля».

І госці сябе зусім не зганьбілі.

Натуральна, што ўвесь матч БАТЭ паступова нагнятаў сітуацыю ля валодання Андрэя Саковіча. Аднак брамнік і абарона дзейнічалі даволі ўпэўнена. Без лішняй мітусні і нервовых рухаў. Можна нават сказаць, што за першы тайм барысаўцы так і не змаглі стварыць ніводнага вартага моманта. Часам «бела-зялёныя» госці даволі востра падыходзілі да валоданняў Сяргея Чэрніка.

У другім тайме клас гаспадароў усё ж сказаўся. На 57-й хвіліне, мабыць, адзіную памылку ў гульні дапусціў Андрэй Саковіч. Брамнік «Гомеля» не дацягнуўся да мяча пасля навеса Філіпа Младзенавіча. На далёкай штанзе такім падарункам скарыстаўся Ігар Стасевіч. Карэнны барысавец Стасевіч забіў свой першы гол за БАТЭ пасля вяртання.

А на 75-й хвіліне капітан БАТЭ (Ліхтаровіч на той момант ужо быў заменены) Віталь Радзівонаў выйграў спрынтарскі забег у абаронцы «Гомеля» і трапна прабіў — 2:0.

Барысаўцы ўпэўнена атрымліваюць чарговую перамогу ў чэмпіянаце. У дадатак каманда Аляксандра Ермаковіча пакуль не прапусціла ніводнага гола ў гэтым першынстве.

«Гомель» жа, відавочна, сёлета яшчэ пап’е крыві ў многіх фаварытаў.

***

Таксама сёння ў цэнтральным паядынку тура салігорскі «Шахцёр» і мінскае «Дынама» не змаглі выявіць пераможцу – 0:0.

Мінчукі пад кіраўніцтвам чэха Душана Угрына не маюць ніводнай перамогі ў чэмпіянаце.

Астатнія сустрэчы прынеслі наступныя вынікі:

«Граніт» — «Дынама» (Брэст) — 1:0 (Луцэвіч); «Мінск» — «Слуцк» — 2:0 (Хвашчынскі, Русак); «Нёман» — «Белшына» — 1:3 (Бомбель-пенальці; Багуноў, Анюкевіч-аўтагол, Ражок).

Турнірная табліца пакуль мае наступны выгляд:

БАТЭ — 9 пунктаў (3 гульні), «Дынама» (Брэст) — 6 (3), «Шахцёр», «Граніт» — па 5 (3), «Белшына», «Гомель», «Мінск» — па 4 (3), «Віцебск», «Нафтан» — па 2 (2), «Дынама» (Мінск), «Нёман» — па 2 (3), «Тарпеда-БелАЗ», «Славія» — па 1 (2), «Слуцк» — 1 (3).

Заўтра гуляюць: «Віцебск» — «Нафтан».

У панядзелак тур скончыцца сустрэчай «Тарпеда-БелАЗ» — «Славія».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?