За пераходам байкерамі беларуска-польскай мяжы ў Брэсце будзе назіраць прадстаўнік расійскага пасольства, паведаміў журналістам на Кургане Славы кіраўнік групы ўдзельнікаў мотапрабегу «Дарогі Перамогі. Масква — Берлін» Андрэй Баброўскі.

Паводле яго слоў, дыпламат будзе фіксаваць усе парушэнні, калі такія будуць пры перасячэнні мяжы.

Баброўскі зазначыў, што ніякіх перашкод з боку беларускіх улад пры пераездзе з Масквы да Кургана Славы не ўзнікла. Удзельнікі групы ехалі з хуткасцю 110—120 км у гадзіну ў суправаджэнні ДАІ.

Байкеры маюць намер ускласці да Кургана Славы кветкі, а пасля гэтага адправіцца ў Хатынь. «Хатынь — гэта памятнае месца для нас. А Курган Славы для нас важны, бо Мінск — адзін з першых гарадоў, які прыняў на сябе ўдар нямецкіх фашыстаў», — сказаў Баброўскі.

Вечарам байкеры плануюць быць у Брэсце.

Каментуючы заявы некаторых прадстаўнікоў ЕС наконт мотапрабегу, Баброўскі зазначыў, што ў інтэрнэце «шмат супярэчлівай інфармацыі, аднак афіцыйных паведамленняў аб ануляванні віз байкеры не атрымлівалі».

Усе візы матацыклісты атрымлівалі ў індывідуальным парадку. «Наша асноўная мэта — ушанаваць памяць бацькоў, дзядоў, якія засталіся на палях Еўропы. Таксама з'явілася місія аб'яднацца з нашымі сябрамі ў Еўрасаюзе», — заявіў кіраўнік групы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?