Як паведамляе карэспандэнт «Нашай Нівы» Арцём Гарбацэвіч, першы расійскі байкер пераехаў польскую мяжу.

На памежным пераходзе застаюцца 10 расійскіх байкераў. На пытанне аб тым, ці належыць прапушчаны байкер да клуба «Начныя ваўкі», ён адказаў: «Я з мемарыялу Славы і Перамогі».

фота Сяргея Зініна

фота Сяргея Зініна

Па словах польскіх памежнікаў, «Ваўкам» праезд у Польшчу забаронены. У той жа час некаторым іншым групам байкераў дазволы дадзены. Дадзеную групу з дзесяці байкераў польскія памежнікі палічылі прыналежнай да «Ваўкоў», нягледзячы на тое, што яе ўдзельнікі гэта адмаўлялі.

фота Сяргея Зініна

фота Сяргея Зініна

З польскага боку прапушчанага байкера сустракалі 30 польскіх байкераў з руху «Катынскі рэйд», а таксама некалькі актывістаў прарасійскіх арганізацый.

фота Сяргея Зініна

фота Сяргея Зініна

Прадстаўнік «Катынскага рэйду» Віктар Венгжын у гутарцы з журналістамі «Газеты выборчай» назваў польскія ўлады «бандай няўдачнікаў і зладзеяў». Ён заявіў, што інфармацыю пра ўдзел «Начных ваўкоў» у анексіі Крыма маглі прыдумаць «хлуслівыя польскія медыі».

Звяртае ўвагу, што разрэкламаваны рэйд расійскіх байкераў на Берлін праходзіць без размаху, уласцівага «паходам на Севастопаль» у гады, што папярэднічалі захопу паўвострава Расіяй. У рэйдзе на Берлін пакуль бяруць удзел толькі 11 чалавек на 10 матацыклах. Сярод іх — ніводнага беларуса.

Нешматлікую групу ўчора на Кургане Славы вітаў намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Ігар Бузоўскі пад дзяржаўнымі сцягамі. Паралельна ў Мінску былі арганізаваныя ўласнабеларускія акцыі памяці вайны з удзелам матацыклістаў і памочніка прэзідэнта па нацыянальнай бяспецы Віктара Лукашэнкі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0