У мінулую нядзелю на памежным пераходзе ў Медніках (Мядзінінкай) літоўскія мытнікі затрымалі кантрабандныя цыгарэты, якія знаходзіліся ў дыпламатычным аўтамабілі Латвіі.

26 красавіка мытнікі папрасілі кіроўцу аўтамабіля Audi паказаць, якія тавары вязуць у машыне. Грамадзянін Д.У. адкрыў багажнік, аднак, прыкрываючыся дыпламатычнай недатыкальнасцю, не дазволіў правяраць, што ляжыць пад кавалкам матэрыі.

Мытнік аказаўся прынцыповым і выклікаў на КПП прадстаўніка амбасады, які даў дазвол на праверку аўтамабіля. Пасля таго як машына прайшла рэнтгенаўскі кантроль, падазрэнні пацвердзіліся — высветлілася, што ў машыне ёсць кантрабандныя тавары.

У машыне ляжала 12 скрыняў цыгарэт Winston Blue — у багажніку пад матэрыяй, у валізках і дарожных торбах. Кошт цыгарэтаў можа складаць каля 14 000 еўра..

У дачыненні да Д.У. быў складзены пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні за невыкананне законных патрабаванняў мытнікаў. Крымінальная служба мытні расследуе факт кантрабанды.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?