mfa.gov.by

mfa.gov.by

28 красавіка адбылася сустрэча міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Макея з паслом Украіны ў Беларусі Міхаілам Ежалем, паведамляе прэс-служба МЗС.

Бакі абмеркавалі развіццё ўнутранай сітуацыі ва Украіне і ў зоне канфлікту на ўсходзе краіны, узаемадзеянне дзвюх краін у рамках міжнародных арганізацый, а таксама парадак дня беларуска-ўкраінскіх адносін. Адбыўся абмен думкамі пра перспектывы нарошчвання гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, падкрэслена ўзаемная зацікаўленасць у далейшым развіцці ўзаемнага гандлю і кааперацыйных сувязяў, павелічэнні двухбаковага тавараабароту.

***

Нагадаем, што 25 красавіка прэзідэнт Пятро Парашэнка заявіў, што пасол Ежаль будзе адкліканы з Беларусі.

«Мною прынята рашэнне аб яго адклiканнi», — сказаў ён, падкрэсліўшы, што Мінск цяпер грае вельмі вялікую ролю ў рэалізацыі замежнай абароннай палітыкі і палітыцы бяспекі: «Я павінен улічваць гэтую ролю, каб забяспечыць пастаянную прысутнасць Украіны ў Мінску».

Міхаіл Ежаль быў прызначаны паслом Украіны ў Беларусі ў красавіку 2013 г. Віктарам Януковічам.

Згодна з законам аб ачышчэнні ўлады, прынятым Вярхоўнай Радай, пад люстрацыю трапляе і Ежаль, які з 2010 па 2012 год быў міністрам абароны Украіны, а з 2008 па 2010 гг. — галоўным інспектарам Галоўнай інспекцыі Мінабароны.

Генпракуратура Украіны прад'явіла абвінавачванне ў нанясенні дзяржаве шкоды на суму больш за 42 млн грыўняў (больш за $5 млн на момант меркаванага злачынства). Абвінавачванні тычацца перыяду працы Ежаля на пасадзе міністра абароны ў рамках крымінальнай вытворчасці па фактах падрыву абараназдольнасці арміі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0