Беларуская бізнэс-вумэн Марына Падабед, якая разам са сваім мужам Віктарам валодае вытворчасцю дзіцячага адзення «Маруся», ужо была гераіняй публікацый «Нашай Нівы». Нагадаем, на прадпрыемстве заўсёды былі праблемы з выплатай заробкаў. Не дапамагалі нават судовыя пастановы, бо кіраўніцтва «Марусі» ігнаравала іх.
Цяпер усплылі новыя факты з біяграфіі Марыны Падабед.
У Рэдакцыю трапіла рашэнне судовай калегіі па справах інтэлектуальнай уласнасці Вярхоўнага суда. Паводле яго Падабед фактычна заключала з самой сабой дамовы на суму каля $1 мільёна.
Пачалося ўсё яшчэ ў 2008-м. Тады адзін з заснавальнікаў «Марусі» вырашыў выйсці з бізнэсу і праз суд забраць сваю долю грошай.
Марына Падабед, якая валодала правамі на таварны знак «Маруся», тым часам зарэгістравалася як індывідуальная прадпрымальніца. Неўзабаве бізнэс-вумен заключыла са сваім жа прадпрыемствам дамову.
Паводле яе, за выкарыстанне таварнага знака «Маруся» павінна была штомесяц плаціць ІП Падабед 20% ад агульнай цаны адгружанага тавару. Апроч таго, за адтэрміноўку аплаты «Маруся» мусіла плаціць дырэктарцы штрафы па высокіх стаўках.
У выніку, доўг «Марусі» перад ІП Падабед склаў больш за 2,7 мільярда рублёў (па курсе на 2010 год — амаль $1 мільён). Гэты доўг Марына Падабед перадала новаму прадпрыемству, «Брэнд Фэшн Груп», заснавальніцай і дырэктаркай якога лічыцца Таццяна Прываліхіна, старэнькая маці Марыны Падабед (сама Падабед у кампаніі аформлена спецыялістам па продажах).
Астатнія крэдыторы прадпрыемства засталіся з носам —з рэшты грошай на рахунках «Маруся» павінна спачатку разлічыцца з «Брэнд Фэшн Груп».
У снежні 2014 года суд прызнаў ліцэнзійную дамову паміж ІП Падабед і «Марусяй» нікчэмнай.
Але Марына і тут не згубілася. Неўзабаве на свет з’явілася новая ліцэнзійная дамова, амаль такая ж, як і мінулая, толькі датаваная 2010 годам. Раней пра яе існаванне ніхто не ўзгадваў.
Таксама з’явіўся і ўвесь астатні камплект дакументаў: дамова пераводу доўга з «Марусі» на «Брэнд Фэшн Груп» і гэтак далей. То бок, усё тое ж самае, толькі замест 2009 года на дакументах стаяў 2010.
Лёс гэтай «новай старой» дамовы ізноў жа будзе разглядаць суд. Тэрмін пасяджэння пакуль не вядомы.
Тым часам былыя супрацоўніцы прадпрыемства, якія і праз некалькі месяцаў пасля звальнення не могуць атрымаць заробак, рыхтуюць калектыўны пазоў у пракуратуру.