26 красавіка мінула 29 гадоў з аварыі на ЧАЭС. Мала хто ведае, што за дзесяць гадоў да катастрофы яе прадказаў беларус — фізік-ядзершчык Мікалай Шут, паплечнік Сахарава. Ён працаваў у сакрэтным горадзе «Арзамас-16» над прататыпам будучага рэактара.

На жаль, сам Мікалай ужо не жыве. Але «Наша Ніва» адшукала яго жонку Вольгу Шут, якая праз усё прайшла поруч з мужам і захавала некаторыя ягоныя запісы.

Яна жыве ў Баранавічах і ў свае 73 усё яшчэ працуе ў школе. Адшукаўшы гадзіну на размову з журналістам, Вольга пачынае расповед аб мужу.

«Ён нарадзіўся пры канцы вайны на Гродзеншчыне, у Юравічах, але ў старэйшых класах разам з сям’ёю перабраўся ў Баранавічы і ўжо тут скончыў школу.

Вельмі лёгка яму давалася фізіка. Праўда, часы тады былі цяжкія, і Мікола яшчэ падлеткам пайшоў працаваць на будоўлю, а потым раптам вырашыў паступаць ажно ў Маскву — у МДУ імя Ламаносава. У бацькоў сродкаў не было яго на іспыты адправіць. І тады ён, ані слова маці не сказаўшы, пазычыў у кагосьці грошай ды паехаў у сталіцу за месяц да экзамену — рыхтаваўся, на курсы хадзіў. Такі быў упэўнены…І ўсё ўдалося — яго залічылі на фізічны факультэт. І мяне разам з ім, але я паступала на гістфак. У Маскве мы на другім курсе ў 1964 годзе шлюбам і пабраліся».

Ледзь не паслалі на дно Карыбскага мора

«Мікола абараніў дыплом па тэме «мікратрон» — гэтую працу нават прызналі найлепшай ва ўніверсітэце», — кажа спадарыня Вольга. Яна згадвае, што пасля вучобы маладая пара магла развітацца, бо набірала абароты халодная вайна, і Мікалаю, як фізіку, «свяціла» правесці тры гады дзесьці на дне Карыбскага мора. Але абышлося — універсітэцкі таварыш меў сваякоў у Палітбюро і прапанаваў Мікалаю пасаду ў навукова-даследчым інстытуце ў засакрэчаным горадзе «Арзамас-16» (сёння — Сароў — Рэд.) у Расіі.

«Мы прыехалі туды ў 68-м, — успамінае спадарыня Вольга. — А правялі там у выніку 9 год. Міколу ўвогуле цяжка было — Беларусь жа падчас вайны была пад акупацыяй, нам не было веры, і яму давялося праходзіць шмат тэстаў для працы на сакрэтным аб’екце. Сам «Арзамас-16» знаходзіўся ў Мардоўскім запаведніку.

Усё было вельмі засакрэчана — нашыя вагоны нават адчаплялі за калючым дротам.

Месца нам спачатку не вельмі падабалася — клімат кепскі. І спякотна, і пацееш увесь час, у роце сушыць — духоцце. Але потым неяк прызвычаіліся. Мяне адразу ў школу прызначылі працаваць, а Мікола стаў інжынерам-канструктарам у разліковай групе Сахарава (Андрэй Сахараў — стваральнік савецкай тэрмаядзернай бомбы — Рэд.). Яму ж забаронена было казаць, над чым яны там працуюць, але штосьці ён усё ж гаварыў па-сямейнаму. Я ведала, напрыклад, што ягоная група распрацоўвае начынне ядзернай бомбы — штосьці звязанае са сплавамі ўрану і плутонію. Па задуме, гэтая бомба павінна была спрацаваць, мінуючы шчыт, які з’яўляецца пры вубуху атамнай бомбы ў атмасферы ці ў космасе.

Мікола раніцай сыходзіў на працу і толькі ўвечары вяртаўся — іх кудысьці вазілі, углыб запаведніка», — кажа Вольга.

Не зняла станік — і зарабіла анкалогію

Па словах жонкі фізіка, правілы працы на «Арзамасе-16» былі вельмі строгія — кожны дзень, са словаў мужа, навукоўцы перад працай пакідалі свае рэчы ў асабістай шафцы і ішлі ў душ. Пасля ім выдавалі ўсё новае, белае, у чым яны рабілі да абеду. Ідучы ў сталоўку на абед, гэтую белую адзежу скідалі — і адразу ў топку. Адзявалі новую. Потым — душ і тэст на адмысловай раме: калі «пішчыш», то яшчэ раз у душ. Увечары такая ж працэдура, і так кожны дзень.

Парушэнне правілаў сканчалася сумна. «Быў выпадак, — прыгадвае спадарыня Вольга, — калі адна жанчына, нашая суседка, не зняла свой станік — ці то забылася, ці то пашкадавала. Так і карысталася ім. А потым ёй грудзі аперавалі — анкалогія».

Таксама будаўнікоў шмат было, персаналу рознага. Дык вось адзін мужык на адходніках убачыў прыгожыя нікеляваныя трубкі. Не ведаю, чым ён думаў, але ўзяў іх сабе і зрабіў калыску для дачкі. Далей расказваць не буду — жудасна ўсё скончылася». — сумна ўзгадвае Вольга Шут.

Прыйшоў жоўты-жоўты і паваліўся на падлогу

Праз нейкі час навукоўцаў пераключылі з распрацоўкі зброі на працу над «мірным атамам». Мікалая Шута тады павысілі да старшага навуковага супрацоўніка і групе далі новую задачу па выпрабаванні кантраляваных рэактараў.

«Падчас аднаго з экперыментаў над міні-рэактарам тыпу ВМ, які спраектаваў яшчэ Курчатаў — ён потым стане прататыпам Чарнобыльскага МВР-1, — адбыўся выбух. Я памятаю той дзень: Мікола прыйшоў з працы вельмі позна. І ўвесь жоўты-жоўты. Я перапалохалася, спрабавала дапытвацца. Але ён моўчкі ўпаў на падлогу і ляжаў, не ўстаючы. З носу ў яго моцна палілася кроў. Я адразу паспрабавала спыніць, але ніяк — давялося выклікаць медыкаў, але і яны не далі рады. Павезлі яго ў шпіталь і там прыпальвалі сасуды ў носе — толькі так крывацёк спыніўся», — успамінае Вольга і дадае, што пасля таго выпадку Мікола змяніў сваё стаўленне да «мірнага атаму».

Мужа адусюль «пасылалі»

«Муж папярэджваў аб верагоднай катастрофе яшчэ ў 1975-м і пісаў лісты свайму кіраўніцтву, у ЦК Брэжневу, нават Андропаву ў КДБ. Ён сцвярджаў: трэба на час адмовіцца ад атамнай энергіі. Відаць, Мікола ведаў, што рэактар, які выбухнуў у іх, плануюць запусціць на вялікай АЭС, і засцярагаў ад гэтага. Ён казаў: пакуль не трэба ніякіх мірных атамный станцый. Гэта небяспечна, гэта не даследавана, навукоўцы шмат чаго яшчэ не ведаюць, шмат чаго не вывучана да канца. Але яго адусюль «пасылалі», ніхто яму не верыў.

А потым ад працы адхілілі Сахарава. Міколу таксама прапаноўвалі змоўкнуць у абмен на дазвол абараніць доктарскую, мінуючы кандыдацкую. Але ён працягваў пісаць працы аб небяспецы атамных станцый. Тады яго пачалі палохаць звальненнем і «Электрасталлю» — гэта накшталт нашых сёняшніх Навінак. Казалі, што ты, маўляў, розум страціў. Не дазволілі абараніць нават кандыдацкую, а ягоныя даследаванні выдаў за свае хтосьці з кіраўніцтва. У дадатак да ўсяго Мікола моцна захварэў — з’явіліся пухліны на патыліцы. Ён параіўся з калегамі і палічыў за лепшае пакінуць працу і вярнуцца дадому. Гэта было ў 1977 годзе», — кажа Вольга Шут.

Машэраў намякнуў, што фізік многа на сябе бярэ

Пасля прыезду ў Баранавічы сям’і давялося цяжка: Вольга была цяжарная другім дзіцём, а Валодзю, інваліда з дзяцінства, ужо трэба было весці ў першы клас.

«Мікола не мог адшукаць сабе працу. Ён быў нібыта дысідэнт.

А ў мяне ад іншага галава пухла — пакуль ён мыкаўся па розных канторах, я паліла ў печы, набірала ў студні ваду, карміла грудзьмі дачку, ляцела забіраць сына са школы. Ніякай дапамогі не было. Дэкрэтны адпачынак тады быў толькі два месяцы. Урэшце Мікола ўладкаваўся ў Баранавіцкі вылічальны цэнтр. Потым муж сустракаўся з Машэравым — вялікія надзеі ў яго былі на гэтую сустрэчу. Але той даў Міколу зразумець, што нейкі фізік надта шмат на сябе бярэ… Пасля развалу СССР вылічальны цэнтр у Баранавічах зачынілі, і Мікола пайшоў працаваць у школу — настаўнікам працоўнага навучання. Там і рабіў да самой смерці», — сумна кажа Вольга Шут.

Апошнія гады жыцця выбітны навуковец пражыў «невыязным» у бацькоўскай хаце, сляпым на адно вока і з пухлінамі на галаве — адна ўжо падбіралася да мазжачка, а другая, у горле, не давала есці нават пюрэ.

Сканаў ён у 2007, яму было 63 гады, пахаваны на могілках у Дубаве.

У Мікалая Шута засталося двое дзяцей — старэйшы Валодзя ад нараджэння пакутуе на рэдкую хваробу хранічнага звужэння сасудаў і з юнацтва не можа хадзіць. Яго даглядае таксама хворая сястра. Сама Вольга Шут пернесла анкалогію шчытападбнай залозы і цяпер дажывае свой век у Баранавічах, зарабляючы грошы, каб выцягнуць сям’ю. Яна 42 гады адпрацавала настаўніцай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?