13.40

Пры канцы было яшчэ некалькі пытанняў на эканамічную і сацыльную праблематыку, у тым ліку аб праграме развіцця водазабеспячэння і каналізацыі.

13:15

Пытанне ад дэпутата Абаленскага ад Салігорскай выбарчай акругі наконт таго, якім Аляксандр Лукашэнка бачыць удзел ЗША ў вырашэнні ўкраінскага канфлікту.

«Мінскія перамовы — гэта найперш заслуга прэзідэнтаў Расіі і Украіны. Вайна нават не ў нашага ганку, яна ідзе ў нас. Пакуль яшчэ вайна ў нас не гарачая. Нашы ваююць з абодвух бакоў. Пакуль што адзінкі. Вайна некалі скончыцца, але гэтыя баевікі, якія панюхаюць крыві вернуцца сюды. Мяне гэта хвалюе.

Гарачы пункт ва Украіне – гэта наш боль. Я раблю ўсё, каб канфлікт не выходзіў за межы Данбаса.

Я казаў «Блумбергу», што не ведаю мэту амерыканцаў у вайне. Я сказаў, калі вы хочаце міру, то ўключыцеся ў перамовы па Украіне. Калі ЗША, як асноўны гулец у свеце, самая магутная дзяржава ў ваенным плане, захоча міру, то будзе мір. Хіба гэта кепска, што Амерыка далучыцца да «нармандскага фармату»? Калі ЗША зойме іншую пазіцыю, то міру не будзе», — доўга і трохі ўхіліста тлумачыў Аляксандр Лукашэнка.

13:07

«Мы маем планы ў выпадку небяспекі падняць і ўзброіць паўмільёна беларусаў. Гэта будзе дастаткова, каб супрацьстаяць любым задумкам супраць Беларусі».

«Мы зробім усё, каб забяспечыць мір, незалежнасць і дынамічнае развіццё нашай краіны», — скончыў свой двухгадзінны выступ Аляксандр Лукашэнка.

Зараз павінны пачацца пытанні ад дэпутатаў.

13:04

«Рускі свет — гэта не пра нас. Мы рускія людзі, але гэта не значыць, што мы расіяне, мы — беларусы. Дазвольце нам мець свой пункт гледжання на свет», — сказаў Лукашэнка на адрас Расіі. Але літаральна праз хвіліну ён заявіў процілеглае: «Мы прыедзем 8 мая ў сталіцу нашай радзімы — нашай былой радзімы — Маскву. І прадэманструем, што мы рускі свет».

12:59

«Мы прыйдзем да збліжэння Еўразійскага саюза і Еўрапейскага саюза. Дзеля збудавання Еўропы ад Ціхага да Атлантычнага акіянаў».

Потым ён пачаў шмат гаварыць, што «беларусы і расіяне — гэта адзін рускі народ. «Думка лунае не толькі ў лібералаў расійскіх, але і ў часткі кіраўніцтва, што Лукашэнка зрабіў крэн на Захад. Можа, нехта звар’яцеў і ўзяў крэн на Захад, але не мы».

«Я ўсім заходнікам, амерыканцам кажу: «Мужыкі, калі што адбудзецца мы будзем з Расіяй». Лукашэнка назваў «дурноццем і глупствам» думку, што ён адмовіўся ехаць у Маскву на парад 9 Мая ва ўгоду Захаду.

«Мы прыедзем 8 мая ў сталіцу нашай радзімы — Маскву. І прадэманструем, што мы рускі свет».

Разам з тым Лукашэнка, відавочна звяртаючыся да Расіі, кажа, што мы хочам жыць у асобнай кватэры, а не ў цешчы ці свекрыві: «Мы не забаранілі георгіеўскія стужкі, мы зрабілі свае. Малайцы камсамольцы нашы», — сказаў кіраўнік краіны.

12.40

Лукашэнка патрабуе кадравых перамен у найвялікшых дзяржаўных СМІ.

Лукашэнка выказаў незадаволенасць працай дзяржаўных тэлеканалаў, хоць і назваў кіраўнікоў тэлеканалаў сваімі сябрамі. «У нас некаторыя ў СМІ заседзеліся, працаваць не хочуць», — сказаў Лукашэнка.

12.38

Лукашэнка парэкамендаваў чыноўнікам і асабліва дэпутатам Нацыянальнага сходу размаўляць з апазіцыяй.

«Не ўсе ў апазіцыі гадкія, не ўсе хочуць кепскага для краіны. Узгадайце апошнюю заяву аднаго з дзеячаў, не помню з якой арганізацыі, што мы можам ісці ў прэзідэнты толькі ўзважыўшы адказнасць, што пры нас не будзе горш. Гэта самая важная заява апазіцыі за ўсе мае гады. Зразумелі нарэшце».

«Не адмаўляйцеся ад дыскусіі з апазіцыяй, сябруйце з імі — ніхто не забараняе», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

12:28

Аляксандр Лукашэнка намякнуў, што заробкі ў краіне паскорана расці не будуць.

«Калі мы не можам павысіць заробкі — не трэба павышаць. У нас жа пра гэта ніхто не просіць».

12.27

Лукашэнку пахваліў кіраўніка Каталіцкай царквы Беларусі Тадэвуша Кандрусевіча за спартовы лад жыцця: ён гуляе ў міні-футбол і ездзіць на ровары.

12.26

У ВНУ шмат дублюючых факультэтаў, але не хапае больш вузкіх спецыялістаў, кажа Лукашэнка.

12.25

Аляксандр Лукашэнка назваў неэфектыўнай дзяржаўную палітыку ў галіне культуры. Ён запатрабаваў стварэння простых беларускіх серыялаў на ўзор тых, якія здымаюць расійскія тэлеканалы.

«У культуру ўкладзеныя немалыя грошы. Але жаданай аддачы пакуль няма. Расія стварыла столькі просценькіх, лёгкіх фільмаў. Мне спадабаўся фільм «Ленінград-46», «Ляснік». Яны ж у Мінску здымаюцца. У тых закутках, якія нават Ладуцька не наведваў. Няўжо мы не можам стварыць такія фільмы? Людзі б глядзелі. У пасцелях, гляджу, кувыркаюцца нашы дзяўчаткі беларускія з рускімі мужыкамі. Людзям надакучыла гэтая абнажонка.

У нас міністр культуры, як мыш пад венікам. Нам нармальныя фільмы патрэбныя. Песні, казкі. Добра, што расейцы гэта робяць. Але і мы павінны свой уклад рабіць».

12:14

«Шапіра ў сінагозе маліўся. Толькі ў Мінскай вобласці ідзе дождж». Апладысменты. «Малойца, Сямён Барысавіч!»

Потым Лукашэнка яшчэ раз згадаў яўрэўскія карані Шапіры. «Ніяк не ўдаецца ўзяць Зісера з tut.by пад кантроль. Ён сябе вядзе непрыстойна. Я даручыў яму [Шапіра — «НН»] узяць пад кантроль усіх яўрэяў у Беларусі, нават Павел Якубовіч быў не супраць… Зісеру ўсё няймецца», — пагрозліва заўважыў ён.

12:08

«Што за дрымучасць? Чаму ў высокага духавенства няма дзяцей? Я пытаюся ў нашых рэлігійных дзеячаў, якія агітуюць за сям’ю, а колькі ў вас дзяцей, Ваша свяцейшаства, высокаправасхадзицельства? «Няма», — адказваюць. Як ты можаш агітаваць за сям'ю, калі сваіх не маеш? Адчуваю, дзесьці ўціхую касячаць на старане. І я нават ведаю, што касячаць».

Нунцый Гуджэроці зарагатаў пры гэтых словах. Вось відэа:

Лукашэнка пра цэлібат.

12:02

У Лукашэнка збольшага чытае па паперцы, чытае хутка. Вельмі мала адступленняў.

Была адна размова з кіраўніком Адміністрацыі прэзідэнта Аляксандрам Косінцам: «Колькі завезлі грузавікоў з-за мяжы?». — «6200», — адказаў Косінец.

На што Лукашэнка сказаў, што МАЗ просіць на ўнутраны рынак купіць хаця б 2000 машын.

«Умеюць рабіць усё, — кажа Лукашэнка аб беларускай медыцыне. — Вынялі з чалавека ўсе органы і перасадзілі, і жыве яшчэ». Узгадаў пра аперацыю былому кіраўніку ізраільскага «Масада», калі астатнія адмовіліся.

«85% усіх работ на АЭС робяць менавіта беларусы. Гэта суперспецыялісты, якія ўмеюць рабіць усё і ні разу яшчэ не будавалі атамных станцый».

11:44

У наступным годзе Лукашэнка абяцае ўвядзенне мараторыю росту на стаўкі падаткаў.

«Не блытайце штосьці з чымсьці. Хто рупіцца аб прадпрыемстве, аб калектыве — ніколі не будзе пакараны», — адзначыў Лукашэнка.

«Чаму вырабляючы ўласныя халадзільнікі, мы ўвозім хлам з-за мяжы?». Лукашэнка кажа, што падтрымліваючы вытворчасць уласных халадзільнікаў і тэлевізараў, мы падтрымліваем вытворчасць і ў Расіі, і ў Казахстане.

11:30

Тон прамовы Аляксандра Лукашэнкі сёння вельмі папулісцкі.

Кажа, што цэны расці не будуць і крытыкуе чыноўнікаў.

«Калі хтосьці ва ўрадзе хоча кіраваць з кабінета, гледзячы з акна то гэта не той падыход. Яны павінны бачыць прадпрыемства, разумець, якія там працэсы адбываюцца. Але гэта не значыць, то міністр кожны дзень будзе бегаць па прадпрыемствах».

«Мы не будзем шукаць дзясяткаў фактаў, каб прад’явіць абвінавачванні кіраўніку, дастаткова аднаго факта, што ён бандзюга і злодзей. Колькасць праверак будзе зніжацца».

«Зніжэнне інфляцыі – прыярытэтнае для нас задача. У нас жа рост цэн у асноўным ад Кабякова. Гэта больш быць не павінна. У нас цэны ўсе пад кантролем. Калі нам у пачатку года трэба было стрымаць «зарваўшыхся», мы гэта зрабілі».

11.19

Наша будучыня рашаецца не на плошчах, а ў эканоміцы, сказаў Лукашэнка.

«Наша будучыня не рашаецца не на франтах і плошчах, а ў эканоміцы, але і тут мы сутыкаемся з нашай лянотай. Многія нашы прадпрыемствы загружаныя і не знаходзяць рынкаў збыту. Гэта непрыемныя пытанні і лягчэй за ўсё было б сысці ад іх. Але мы адкрыта гаворым пра гэта. Ніякага папулізму».

Прычынамі крызісу Лукашэнка называе санкцыі супраць Расіі, падзенне цэнаў на нафту. «Праблемы суседзяў становяцца нашымі ўласнымі».

Лукашэнка абяцае да канца года важныя рашэнні ў сферы эканомікі.

11.10

«Урокі вайны маглі забыцца, хто заўгодна, але не беларусы. Мір, парадак і незалежнасць Беларусі — найвышэйшыя каштоўнасці. Барацьба за гэта ідзе ў эканоміцы. Менавіта ў эканоміцы — гарантыя незалежнасці і зарука міру, і акурат эканоміка перажывае цяпер не найлепшыя часы».

11.05

Зварот пачаўся аб 11.00. Кіраўнік краіны не затрымаўся. Выступленне транслюецца ў жывым эфіры па тэлеканале «Беларусь-1» і Першым нацыянальным канале Беларускага радыё.

На паседжанні прысутнічае 54 члены савета рэспублікі і 109 дэпутатаў палаты прадстаўнікоў

Пасля праслухоўвання гімна Лукашэнка пачаў прамаўляць, пачынаючы з невялікага ўступу.

«Я разумею, што ён будзе ўсяляк абмяркоўвацца. Будзе шмат размоваў, інтэрпрэтацый. Пасланне будзе своеасблівым, актуальным, улічваючы ўсе мерапрыемствы, што пройдуць заўтра, паслязаўтра, цягам года».

Лукашэнка з пачатку пачаў гаварыць пра інсінуацыі адносна 70-годдзю Перамогі. «Мы дамаўляліся, што мы цягам года правядзём мінімум тры нарады – па сельскай гаспадарцы (прыйшоў час падвесці вынікі ўсяму гэтаму барахтанню), жыллёва-камунальным пытанням, па адукацыі».

Ён акцэнтаваў увагу, што шмат пытанняў выклікае сярэдняя школа, праграмы якой не адпавядаюць узросту вучняў.

«Я не стану хаваць, перадвыбарчая праграма прэзідэнта, улады, будзе акамуляцыяй тых пытанняў, якія мы вырашылі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0