Фота: pixshark.com
Навукоўцы праекту LOFAR эксперыментальна пацвердзілі гіпотэзы аб касмічным паходжанні маланак, пра што яны распавядаюць у часопісе Nature.
Дагэтуль механізм узнікнення маланак мае багата загадак. Розніца патэнцыялаў, што меркавана выклікае маланкі, недастатковая, каб зрабіць паветра правадніком. Навукоўцы атрымалі доказы таго, што касмічныя прамяні ствараюць дастатковыя для ўзнікнення маланак умовы.
Іанізаваць атмасферу дапамагае высокаэнергетычнае касмічнае выпраменьванне. Менавіта пратоны і цяжкія ядры, што трапляюць у атмасферу з космасу, запускаюць ланцужную рэакцыю, праз якую зараджаныя часцінкі скіроўваюцца да Зямлі, вынікае з даследавання.
Узаемадзеянне касмічных часцінак з магнітным полем Зямлі стварае хвалі, што ловяць радыётэлескопы праекту LOFAR.
Часам (752 разы за тры гады) навукоўцы назіраюць высокачастотныя «дажджы» касмічных часцінак, ад чаго радыёхвалі становяцца хаатычнымі. Эксперыментальны аналіз гэтых «касмічных дажджоў» паказаў, што яны ствараюць электрычныя палі, дастатковыя для ўзнікнення маланак.
Эксперыменты праекту LOFAR пацверджваюць гіпотэзу аб тым, што касмічныя прамяні ёсць «трыгерам» маланак. Навукоўцы збіраюцца надалей шукаць доказы адназначнай сувязі маланак і інтэнсіўнага касмічнага выпраменьвання.