Адзін за адным пачынаюць пусьцець домікі ля вёскі Сасноўка Бярозаўскага раёну, якія былі пабудаваныя паводле прэзыдэнцкай праграмы для адраджэньня беларускай вёскі.

Гаспадарка «Аграфірма «Малеч» гэтыя васямнаццаць домікаў, пастаўленых у нізінным месцы сярод чыстага поля, здала ў арэнду сваім работнікам. Але памяшканьні не былі ўпарадкаваныя знутры. Не было ля домікаў патрэбных для вядзеньня хатняй гаспадаркі памяшканьняў. Навасёлам трэба было браць у банку крэдыты, каб усё гэта зрабіць. На думку людзей, «прэзыдэнцкія домікі», зробленыя з тонкіх блёкаў, абагрэць няма ніякай магчымасьці. Кожныя 20 хвілінаў трэба падкідваць у топку катла дровы і торф, каб было трохі цяплей, чым на вуліцы, — і гэта без перабольшваньня. На адзін месяц дроваў трэба на 215 тысячаў рублёў. А заробак скотніка — 300 тысячаў. Крэдыты таксама трэба аддаваць.

Таму да гэтага часу, а домікі арандуюцца ўжо тры гады, не праведзеныя яшчэ ні газ, ні тэлефоны. Бо дзяржава прапанавала зрабіць гэта арандатарам за свае ўласныя сродкі. Каб правесьці газаправод і тэлефонную лінію ў чыстае поле, патрэбныя шалёныя грошы. І гэта пры тым, што, паводле дамовы з гаспадаркаю, гэтыя дамы ніколі ня змогуць перайсьці ва ўласнасьць тых, хто ў іх пражывае.

Калі да жабаў, што ўтульна пачуваюць сябе пад падлогаю дамоў і ў саміх пакоях (бо дамы пабудавалі ў нізіне), навасёлы з часам ужо прывы¬клі, то да выпрабаваньня холадам — не. Таму сям’я жывёлавода Ўладзімера Кандрацюка, у якой гадуюцца двое малых дзяцей, зьняла кватэру на 5‑м паверсе мястэчка Малеч — цэнтральнай сядзібы «Аграфірмы Малеч».

Сям’я Сяргея Мацяша з трыма малымі дзецьмі купіла ў вёсцы Сасноўка стары апусьцелы драўляны дом.

Цяпер яшчэ дзьве іншыя сям’і падбіраюць сабе прыдатнае жытло ў саміх вёсках. Яшчэ два катэджы стаяць пустыя — няма ахвотнікаў іх засяляць.

Так што праграма адраджэньня паміраючай вёскі Сасноўка такім будаўніцтвам няякасных домікаў, здаецца, правальваецца.

Тамара Шчапёткіна, зь вёскі Сасноўка Бярозаўскага раёну.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0