Польска‑ўкраінскі памежны пераход Грэбэннэ — Рава Руска зноў заблякаваны. За блякаду адказныя жыхары памежных мясцовасьцяў на ўкраінскім боку. Яны патрабуюць як мага хутчэйшага падпісаньня дамовы аб малым памежным руху.

Амаль сто чалавек не пускае ў напрамку мяжы ніводнага аўтамабіля. Украінцы зазначаюць, што ў Кіеве абяцалі падпісаць дамову з Польшчаю яшчэ да канца студзеня. Удзельнікі акцыі стварылі адмысловы страйкавы камітэт і пагражаюць, што на будучым тыдні пашыраць пратэст на ўсе польска‑ўкраінскія памежныя пераходы.

У сваю чаргу міністар замежных спраў Украіны Ўладзімер Агрызка паведаміў, што дамова аб памежным руху можа быць падпісаная на наступным тыдні. Згаданая дамова дасьць жыхарам памежнай зоны льготы ў атрыманьні польскай візы. Галоўнае пытаньне, якое застаецца не вырашаным, гэта вызначэньне памежнай зоны, якую будзе ахопліваць дамова. Кіеў хоча, каб гэта была 50‑кілямэтровая, а не 30‑кілямэтровая зона.

Польскае радыё для замежжа

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0