30 красавіка на рахунак Міністэрства фінансаў паступілі сродкі дзяржаўнага фінансавага крэдыту памерам 6,2 млрд расійскіх рублёў.

Як паведамляе прэс-служба Мінфіна, грошы паступілі ў адпаведнасці з пагадненнем ад 27 сакавіка 2015 г. паміж урадамі дзвюх краін аб прадастаўленні Беларусі дзяржаўнага фінансавага крэдыту. Дакументам прадугледжвалася прадастаўленне беларускаму ўраду «фінансавых рэсурсаў у расійскіх рублях на суму, эквівалентную 110 млн даляраў ЗША, тэрмінам на 10 гадоў, уключаючы чатырохгадовы льготны перыяд».

Як раней паведамлялася, дзяржаўны доўг Беларусі на 1 красавіка 2015 года склаў 236,1 трлн. рублёў.

Ён павялічыўся ў параўнанні з пачаткам года на 38,6 трлн. рублёў, або на 19,6%. Пры гэтым знешні дзярждоўг склаў 12,3 млрд даляраў ЗША, ён зменшыўся з пачатку года на 262,3 млн даляраў ЗША, або на 2,1% (з улікам курсавых розніц).

У студзені—сакавіку 2015 года прыцягнутыя знешнія дзяржаўныя пазыкі на 136 млн даляраў ЗША: 89,3 млн даляраў — урада і банкаў Расійскай Федэрацыі; 44,7 млн даляраў — банкаў КНР; 2 млн даляраў — Міжнароднага банка рэканструкцыі і развіцця (МБРР).

Пагашэнне знешняга дзяржаўнага доўгу з пачатку 2015 склала 310 млн. даляраў ЗША:

75 млн даляраў — урад Расійскай Федэрацыі; 75,9 млн — Міжнародны валютны фонд; 88,3 млн — Антыкрызісны фонд ЕўрАзЭС; 64,7 млн — банкі КНР; 5,4 млн — МБРР; 0,7 млн — ЗША.

Унутраны дзяржаўны доўг па стане на 1 красавіка склаў 54,5 трлн рублёў, ён павялічыўся з пачатку года на 6,1 трлн рублёў, або на 12,6% (з улікам курсавых розніц).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?