Кіраўнік Паўночнай Карэі Кім Чэн Ын загадаў пакараць смерцю чатырох музыкаў з нацыянальнага аркестра «Ынхасу». У ліку пакараных - кіраўнік ансамбля. Іх расстралялі ў сакавіку па абвінавачванні ў шпіянажы, распавёў агенцтву Yonhap дэпутат парламента Паўднёвай Карэі.

Іншы дэпутат сказаў, што музыкаў расстралялі за выдачу сакрэтаў сям'і Кім Чэн Ына. Самі парламентарыі пра пакаранне смерцю даведаліся ад прадстаўнікоў выведкі.

З пачатку года ў Паўночнай Карэі пакаралі смерцю 15 высокапастаўленых чыноўнікаў, паведамляе агенцтва. У публікацыі выразна не гаворыцца, ці ўваходзяць у іх лік забітыя музыканты. Вядома, што сярод пакараных чыноўнікаў - намеснік міністра па справах лесу. Нібыта ён крытыкаваў палітыку Кім Чэн Ына ў гэтай галіне.

У аркестры «Ынхасу» выступала будучая жонка Кім Чэн Ына. У 2013 годзе з'яўляліся паведамленні, што некалькі музыкаў з яго расстраляныя па абвінавачванні ў вырабе парнаграфіі. З'яўляліся нават здагадкі, што іх забілі, каб адвесці падазрэнні ад жонкі кіраўніка КНДР, нібыта таксама ў гэтым замяшанай.

У 2013 годзе па загадзе Кім Чэн Ына пакаралі смерцю яго дзядзьку Чан Сон Тхэка, аднаго з самых уплывовых палітыкаў. Гэтую інфармацыю, у адрозненне ад многіх іншых паведамленняў, афіцыйна пацвердзілі ў Пхеньяне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?