Учора на ўрачыстай цырымоніі ў Дзяржаўным музэі гісторыі тэатральнай і мастацкай культуры амбасадар Расеі ў Беларусі перадаў нашай краіне архіў Міхала Клеафаса Агінскага. На ўрачыстасьці прысутнічалі міністар замежных справаў Беларусі Сяргей Мартынаў, старшыня Нацыянальнай камісіі Беларусі па справах ЮНЭСКА Уладзімер Счасны, старшыня Камітэту па архівах пры Радзе Міністраў Уладзімер Адамушка ды іншыя.

Архіў славутага дзеяча перададзены на мікрафільмах і кампакт‑дысках. Ён зьмяшчае амаль 6 тысяч лістоў. Ад 1833 года ўсе гэтыя дакумэнты захоўваліся ў Расейскім дзяржаўным архіве старадаўніх актаў, куды іх передаў сын Агінскага.

Вяртаньне архіва абмяркоўвалася некалькі год. Самастойна музэй гэтага зьдзейсьніць ня мог, бо гэта вымагае выдаткаў блізу 6 тысяч даляраў, такіх грошай няма. Перадача сталася магчымай пры падтрымцы Нацыянальнай камісіі па справах ЮНЭСКА і фінансаваньні бюро ЮНЭСКА ў Маскве.

На ўрачыстасьці шмат казалася пра Міхала Клеафаса Агінскага, выбітнага кампазытара, музыку, сэнатара, дзеяча эўрапейскай гісторыі і культуры. Агінскі таксама браў удзел у паўстаньні Касьцюшкі.

Прагучала цікавая думка, што неўзабаве частка перададзенага архіва мусіць стаць экспанатамі музэя ў Залесьсі Смаргонскага раёну — фамільнай сядзібе Агінскіх. Ужо скончаны план рэстаўрацыі сядзібы. Верагодна, што менавіта там быў напісаны славуты палянэз «Разьвітаньне з Радзімай».

Увосень у Музэі гісторыі тэатральнай і мастацкай культуры будзе зладжаная выстава з экспанатаў архіва.

На заканчэньне ўрачыстасьці прагучаў палянэз Агінскага, а таксама некалькі невядомых раней твораў кампазытара.

Арцём Багданаў, Польскае радыё для замежжа

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0