Падрыхтаваныя папраўкі ва ўказ № 60 «Аб мерах па ўдасканаленні выкарыстання нацыянальнага сегмента сеткі інтэрнэт», якія прадугледжваюць адказнасць уладальнікаў інтэрнэт-рэсурсаў за каментары карыстальнікаў. Пра гэта паведаміла міністр інфармацыі Лілія Ананіч 4 мая на прэс-канферэнцыі ў Мінску. 

Паводле яе слоў, папраўкі ўносяцца ў межах плана мерапрыемстваў па прывядзенні актаў заканадаўства ў адпаведнасць з дзейным законам аб СМІ. «Там ёсць і іншыя змяненні, неабходныя ў сувязі з прыняццем новага закона аб СМІ», — сказала Ананіч. 

Пры гэтым міністр падкрэсліла, што закон аб СМІ «не адмяняе іншае заканадаўства». «Калі грамадзянін угледзіць, што яго абразіў пэўны аўтар таго ці іншага каментара, і гэта будзе ўстаноўлена, ён мае права і ў межах іншага заканадаўства звяртацца па абарону сваіх законных правоў і інтарэсаў», — адзначыла яна. 

Нагадаем, 1 студзеня 2015 года набылі моц папраўкі ў закон «Аб сродках масавай інфармацыі». Адна з галоўных навацый заключаецца ў тым, што дзеянне закона аб СМІ, за выключэннем патрабаванняў аб дзяржаўнай рэгістрацыі, распаўсюджваецца на ўсе інтэрнэт-рэсурсы, якія зараз нясуць адказнасць за публікацыі ў сетцы нароўні з афіцыйнымі СМІ. 

Пасля прыняцця новага закона эксперты звярталі ўвагу на неадпаведнасць нормаў указа № 60 і новага закона аб СМІ, паколькі ў адпаведнасці з указам адказнасць за каментары нясуць асобы, якія іх апублікавалі, а ў законе гэтая адказнасць распаўсюджваецца на самі рэсурсы аж да магчымасці іх блакіроўкі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?