Ля падножжа Кургана славы людзі абступілі арганізатараў, якія доўга нешта вырашалі з гукам, перад пачаткам выступу. Яшчэ большым паўколам прысутных замкнулі сталы народных майстроў і калекцыянераў з клубу «Скарабей». Тыя, у каго не атрымалася стаць у першыя шэрагі, лезуць на танкі, якія стаяць пры кургане, каб усё ўбачыць.

Па ліку гэта ўжо XV фестываль славянскіх адзінаборставаў у Горадні. Са слоў арганізатара, лідара «Нёманскага казацтва» Уладзіміра Адамава, фестываль сабраў каля 30 клубаў з Расіі і Беларусі. Пару год таму сюды завітвалі нават украінцы — у вышыванках ды шараварах…

Уладзімір Адамаў.

Уладзімір Адамаў.

Падчас аб’яўлення ўдзельнікаў ды арганізатараў гукатэхніка зноўку ламаецца, і скандальную арганізацыю «Русь молодая» аб’яўляюць ледзьве не шэптам. Цікава, што бадай упершыню на фестываль прыехаў асабіста Сяргей Лушч, лідар «Румола», хоць пра яго падтрымку ініцыятывы Адамава вядома было здаўна.

«Румолаўцы» працуюць вокамгненна: адразу пасля аб’яўлення каля дзясятка дзяўчат пачынаюць раздаваць чорна-аранжавыя стужкі. Людзі бяруць ахвотна, вяжуць на рукі, заплечнікі, уплятаюць у валасы. Некранутыя «каларадскімі колерамі» застаюцца толькі падаспелыя студэнты-туркмены, дзейсныя вайскоўцы ды афіцыёз з чырвона-зялёным яблыневым цветам на грудзях.

Сяргей Лушч.

Сяргей Лушч.

Падчас выступаў праваслаўных вайскова-патрыятычных клубаў удзельнікі аднаго з іх разбіваюць аб галовы сілікатныя блокі з надпісам «славяне». Інструктар, былы дэсантнік, назірае за выхаванцамі. Тут жа — паказальныя прыёмы самаабароны: нож, пісталет, гумовая дубінка… Усё пад выбухі піратэхнікі.

Лішнімі ва ўсім гэтым выглядаюць рыцары з «Белага Пегаса», «Дружыны св.Патрыка» ды іншых клубаў. Рыцары паказваюць серыю двубояў, пакуль дзяўчаты з клубаў забаўлялі дзяцей бутафорскай зброяй.

Апафеоз фестывалю — выступ казачага клуба «Ярмак» з Бабруйску на тэму ВАВ. Гэта рэканструкцыя бою партызанаў з немцамі, каб адбіць свайго палоннага. Цікава, што найвышэйшы па росце «немец» з пластыкавым аўтаматам на галаве мае пілотку ад строю беларускай міліцыі 90-х.

Здзівіла, што натоўп з некалькіх сотняў гасцей і ўдзельнікаў ахоўвала ажно… двое міліцыянтаў, якія туліліся недзе збоку. Рэч для Беларусі амаль несамавітая.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?