За злачынствы «Дрон» прысуджаны да 20 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці. Судзілі абвінавачанага паводле артыкула 100 Крымінальнага кодэксу рэдакцыі 1960 года. Артыкул соты прадугледжваў за такія злачынствы 20 гадоў пазбаўлення волі ці смяротнае пакаранне.

Судзілі Дрона і па артыкулах новага Крымінальнага кодэкса, рэдакцыі 1999 года. Гэта артыкулы 285, 286, 295 КК (удзел ў бандзе, злачыннай групоўцы, незаконныя дзеянні ў адносінах зброі).

Суд праходзіў у закрытым рэжыме. Некаторыя пацярпелыя — сваякі ахвяр, не змаглі прысутнічаць на пасяджэннях, а некаторыя сведкі — баяліся і цяпер, таму іх паказанні па магчымасці агучваліся, без прысутнасці ў залі саміх сведкаў.

На вынясенні прысуду прысутнічаў бацька Андрэя — сціплы мясцовы рабацяга. Ён усё жыццё утрымліваў сям'ю, як мог, сваёй цяжкай працай — ездзіў на «шабашкі» у Расію. Як сын трапіў у банду — не ведае.

«Я сына не бачыў ужо 15 гадоў. Пра банду мы даведаліся толькі тады, калі Андрэя абвесцілі ў вышук, да нас стала хадзіць міліцыя», — кажа бацька.

Па яго словах, з дзяцінства Андрэй нічым асаблівым не выдзяляўся, вучыўся сярэдне, займаўся боксам, ездзіў на спаборніцтвы, скончыў школу, паступіў у каледж на будаўніка, рана жаніўся, развёўся, знайшоў другую спадарожніцу жыцця. Зараз яго сыну ад першага шлюбу 20 гадоў.

Пасля разгрому банды Марозава Дрон збег у Расію.

Там асеў у Чалябінскай вобласці, невялікім горадзе, раённым цэнтры Карталы. Стварыў новую сям'ю, нарадзіліся дзеці (малодшаму зараз чатыры гады). Імаверна, праблем з расійскім правасуддзем не меў, таму і трапіў у поле зроку паліцыі толькі ў 2013 годзе. Быў затрыманы і перададзены на Радзіму. Крымінальная справа складалася з 44 тамоў. Суд цягнуўся з восені 2014 года.

Складанасці судовага следства былі ў тым, што забойствы былі здзейснены дваццаць гадоў таму. Некаторыя людзі і зараз жахаюцца, пачуўшы назву банды ці прозвішча іх лідэра, хоць і расстралянага ўжо Сяргея Марозава.

«Маці яго, жонка мая, калі даведалася пра яго ўдзел у бандзе — вельмі моцна перажывала. Доўга хварэла, і памерла. У яго сябар быў, Алег. Дык таго адразу, на пачатку «нулявых» пасадзілі, пяць гадоў далі. Той ужо адсядзеў і выйшаў. А вось ён бегаў.. Але колькі вяровачцы не віцца», - махае рукой бацька.

У час прысуду ён дакорліва ківае галавой, глядзіць на сына. Той збіраецца абскардзіць прысуд.

Банда Марозава дзейнічала на тэрыторыі Гомельскай вобласці ў 90-х – пачатку 2000-х гадоў. У 2006 годзе Вярхоўны суд прызнаў вінаватымі ў розных цяжкіх злачынствах 27 удзельнікаў групоўкі.

Яе лідар — Сяргей Марозаў — быў прысуджаны да расcтрэлу, як і яшчэ два яго найбольш актыўныя паплечнікі. Астатнія ўдзельнік банды атрымалі ад 6 да 20 гадоў пазбаўлення волі.

18 гадоў калоніі атрымаў былы начальнік крымінальнага вышуку, які «крышаваў» банду. Яшчэ адзін міліцыянер атрымаў 11 гадоў. Пры вынясенні прысуду Вярхоўны суд адзначыў, што «працягламу існаванню банды спрыялі карумпаванасць некаторых службовых асоб праваахоўных органаў вобласці». Варта адзначыць, што «дах» у бандытаў быў самага высокага ўзроўню, калі на працягу 10 гадоў іх не маглі ні злавіць, ні пакараць.

Пацярпелыя звярталіся ў міліцыю, пракуратуру – але эфект быў нулявы ці наадварот – супрацьлеглы і жахлівы: іх «здавалі» бандытам на расправу.

Што тычыцца асабіста Дрона і забойстваў, па якіх яго прызналі вінаватым. Варта адзначыць, што ён на судзе не прызнаў сваю віну ў непасрэдным пазбаўленні жыцця людзей. Хоць і не адмаўляў, што ў той момант знаходзіўся на месцы злачынстваў.

Так, у 1994 годзе ў Гомелі былі жорстка забітыя чатыры чалавекі. Да ног ахвяр прывязалі тракі (часткі гусеніц), і скінулі целы ў раку Сож. Перад гэтым лідар банды паклаў вока на прыгожую дзяўчыну, якая не мела ніякага дачынення да банды.

Яе выкралі на вуліцы, завезлі ў прыватны дом. Садысты жорстка здзекаваліся з дзяўчыны, гвалцілі яе, потым забілі і расчлянілі. Прыяцель дзяўчыны здагадваўся — хто можа быць вінаваты ў забойстве, і неяк пра гэта выказаўся. Бандыты вырашылі ліквідаваць хлопца. Той жа, прадчуваючы небяспеку, разам з братам з'ехаў у Вільню.

Праз нейкі час у літоўскую сталіцу выехалі «у камандзіроўку» два ўдзельнікі банды. Ім удалося хітрасцю заманіць братоў у Гомель.

На радзіме няшчасных чакала страшнае. Іх і яшчэ двух прыяцеляў, якія прыехалі з імі з Літвы, чакала смерць. Братоў забілі і скінулі ў раку, прывязаўшы металічныя тракі. Іх прыяцеляў кінулі ў раку з тракамі на нагах яшчэ жывымі.

У «марозаўцаў» былі крымінальныя канкурэнты. З імі бандыты расправіліся хутка і жорстка. Траіх чалавек вывезлі ў лес, выкапалі яму, падводзілі па чарзе, білі па галаве металічнай трубой і кінулі ў яму, потым дабівалі нажамі.

Тым часам, кропку ў справе «марозаўцаў» пакуль не паставілі. Некаторыя бандыты яшчэ на волі, у міжнародным вышуку. Іншых затрымлівалі ў Расіі і пакуль не вярнулі ў Беларусь, як, напрыклад, кілера банды Ігара Кулеўскага.

Той пісаў скаргі ў розныя расійскія інстанцыі, і ў Еўрапейскі суд па справах чалавека. Беларусь патрабавала ад Расіі экстрадыцыі падазраванага, і гарантавала, што калі ён судом будзе прызнаны вінаватым, то да яго не будзе прыменена смяротнае пакаранне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?