Зееў Бен-Ар'е

Нішто так не зьбліжае розныя народы й нацыі, як культура й культурніцкі абмен. Вялікую ролю ў папулярызацыі сваёй культуры ў іншых краінах, а таксама культуры іншых народаў у сваёй краіне адыгрываюць дыпляматы.

Менавіта за пашану да беларускай мовы, а таксама за літаратурную дзейнасьць амбасадар Ізраіля ў Беларусі Зэеў Бэн‑Ар’е стаў сябрам Беларускага ПЭН‑цэнтра й 11‑м ганаровым чальцом Саюзу беларускіх пісьменнікаў. Трэба дадаць, што ізраільскі амбасадар выдатна валодае беларускай мовай, хоць не зьяўляецца носьбітам гэтай мовы.

Уручэньне пасьведчаньняў сябра Беларускага ПЭН‑цэнтру й ганаровага чальца Саюзу беларускіх пісьменнікаў адбылося ў сераду ў нацыянальным выставачным цэнтры «БелЭкспа» падчас прэзэнтацыі на Менскай міжнароднай кніжнай выставе‑кірмашы першага перакладу на іўрыт апавядання Васіля Быкава «Бедныя людзі».

Як зазначыў у інтэрвію Польскаму радыё старшыня Беларускага ПЭН‑цэнтру Уладзімір Някляеў, амбасадар даволі асьвечаны ў літаратурных працэсах чалавек, які раней цікавіўся беларускай філялёгіяй.

Наогул у сытуацыі, якая склалася ў Беларусі, такія амбасадары, як ён, ці амбасадар Швэцыі Стэфан Эрыксан, які таксама падчас свайго знаходжаньня ў нашай краіне вывучыў беларускую мову й таксама цікавіцца перакладамі, гэта рэдкасьць. Бо ў асноўным людзі апантаныя толькі палітыкай, у большасьці сваёй гэта тычыцца перш за ўсё амбасадараў заходнеэўрапейскіх краінаў. І на тое, што ёсьць беларуская культура, у прыватнасьці, літаратура, практычна не зважаюць. Магчыма, для іх гэта дробязь, але для мяне карэннае пытаньне: што ставіць наперадзе таго, да чаго мы імкнемся. На сёньняшні дзень пераважная частка дэмакратычнай плыні Беларусі даволі жорстка дэтэрмінаваная, лягічная, у нечым нават цынічная. Маўляў, давайце мы спачаткі скінем дыктатуру, паставім інстутуты дэмакратыі, а пасьла ўжо будзем рабіць культуру, займацца літаратурай. Толькі ў апошную чаргу ўжо мовай, таму што мова‑ гэта толькі сродак камунікацыі, і якая розьніца, які ён па сутнасьці. Гэта глыбінная памылака. Таму што мы не разумеем, што культура — гэта мараль; чалавек — гэта таксама мараль. І ўзьдзейнічаць на яго могуць толькі дзьве інстытуцыі. Гэта вера — Бог, і мастацтва — Творца… Больш ніхто! Канкрэтна чалавек, якому мы ўчора ўручылі пасьведчаньне сябра беларускага ПЭН‑цэнтру гэта разумее.

Уладзімер Някляеў выкавае удзячнасць Зэеву Бэн‑Ар’е за рэалізацыю праектаў па перакладзе на беларускую мову зборніка апавяданьняў ізраільскага пісьменніка Этгара Керэта й перакладзе на іўрыт аднаго з апавяданняў Народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава, які, дарэчы, зьяўляецца заснавальнікам беларускага ПЭН‑цэнтру.

Паводле Някляева, нягледзячы на тое, што пры кожным дыппрадстаўніцтве працуе аташэ па пытаньнях культуры, то і так усё залежыць ад кіраўніка дыпляматычнай місіі. Калі амбасадар зацікаўлены культурніцкім абменам, то супраца выглядае выдатна, калі не — то ніхто нічога ня робіць. А вось амбасадар Ізраіля робіць усё магчымае, каб творы Васіля Быкава й іншых беларускіх пісьменьнікаў загучалі на іўрыце.

Старшыня Беларускага ПЭН‑цэнтру зазначае, што ўвогуле апошнім часам беларуская літаратура пачала перажываць рэнэсанс на Захадзе.

Доўгі час у нас быў толькі адзін канал выхаду на Захад праз Маскву. Там было наўмысна створана выдаведзтва «Прагрэс». І толькі праз Маскву, і толькі праз расейскую мову, — наўпрост практычна ніхто не перакладаў, мы выходзілі некуды на Захад. Гэта былі тэхналягічныя пераклады, наўмысна створаныя групы людзей перакладалі за грошы Масквы, а пасьла часопісы паяўляліся ў Італіі ці Гішпаніі. Грошы пераказваліся разам са сродкамі на падтрымку камуністычнага руху ў Эўропе. І ніхто гэтых перакладаў не чытаў, за выняткам, скажам, Васіля Быкава ці яшчэ 2‑3 асобаў. Вось і ішла нейкая плынь, якая паяўлялася недзе ў ваколіцах Афінаў ды й там жа зьнікала. На сёньняшні дзень сытуацыя карэнным чынам мяняецца. У адной толькі Польшчы за апошнія гады выдадзена больш перакладаў, чым па іхніх нейкіх праграмах. Прычым усё гэта робіцца грамадзкімі арганізацыямі ды індывідуальнымі асобамі. Гэта працэс даволі інтэнсіўна адбываецца цягам 3‑4 гадоў, што мяне вельмі ўсьцешвае.

Уладзімер Някляеў дадае, што на замежныя мовы перакладаюцца творы прадстаўнікоў розных пакаленьняў.

З прадстаўнікоў сярэднага пакаленьня Алесь Разанаў. З маладзейшых — Андрэй Хадановіч. Перакладаў даволі шмат. Я ўжо не кажу пра Алексіевіч, пра Быкава ці Барадуліна, якіх і да гэтага перакладалі. Асабліва шмат перкладаецца маладых творцаў.

Акрамя амбасады Ізраіля папулярызацыяй беларускай культуры ў сваіх краінах займаюцца таксама амбасада Швэцыі й Польшчы. Вельмі хацелася б, каб гэты сьпіс увес час пашыраўся.

Караліна Русіновіч, Польскае радыё для замежжа

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0