Па Добрушы ўжо недзе другі месяц блукае прывід, які ажыў з часоў перабудовы. У тыя часы нашае места нятолькі накрыў Чарнобыльскі попел, але і мог яго захутаць задушлівы цэментавы пыл. Айчынныя бюракраты‑дабрадзеі спрабавалі «падараваць» дабрушанам цэментавы завод. І распачалі ліхаманкавую будоўлю нідзе‑небудзь, а акурат пасярод гораду за Танкавым помнікам, непадалёк ад могілак з назовам «Лядцы». Сымпатычнае мейсца абралі. Аднак з гэтым перспектывамі дабрушане не пагадзіліся. У Добрушы тады пракацілася грамадзская кампанія па збору подпісаў супраць будоўлі. І яна дала плён — будаўніцтва спынілася.

І вось праз амаль два дзесяцігоддзя ізноў па Добрушы паплылі чуткі пра аднаўленьня будаўніцтва цэментавага заводу. «Народ» сьцьвярджае, што нібыта сам Лукашэнка па тэлебачаньню даваў адпаведны загад. Цікава. Я асабіста такога ня чуў, але пры заплянаваным будаўніцтве АЭС усё магчыма. Менская намэнклятура можа падараваць дэпрэсіўнаму Добрушу цэментавы завод як кампенсацыю за адабраную раней магчымасьць мадэрнізацыі паперні. Як вядома, праект мадэрнізацыі вырашылі ажыцьцяўляць у Шклове… Аніякіх камэнтароў…І так усё зразумела.

Калі, насамрэч, зьбіраюцца дабудаваць цэментавы завод, дык гэта дрэнная навіна. На жаль, часткова грамадзская думка спрыяльна ставіцца да гэтага праекту. Трэба будзе папрацаваць зь людзьмі. Цэментавы завод прынясе толькі частковую палёгку (на час будаўніцтва АЭС), але доўгатэрміновую шкоду навакольнаму асяроддзю і здароўю людзей. Першае альбо станоўчы бок будаўніцтва яскрава дэманструецца мясцовым чынавенствам, а вось усё астатняе хаваецца. Гэткая сваеасаблівая праўда па РэБэшнаму.

liashkou_a, Livejournal

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0