Фота Аляксея Янукевіча, Facebook.com.

Фота Аляксея Янукевіча, Facebook.com.

Амерыканцы дасылаюць толькі аркестр ваенна-паветраных сілаў у Еўропе, 40 чалавек. Расійскі парадны «дэсант» больш салідны.

«У сталіцу Рэспублікі Беларусь Міністэрства абароны Расіі накіруе 636 вайскоўцаў і 30 адзінак тэхнікі. У складзе калоны бранятанкавай, аўтамабільнай і спецыяльнай тэхнікі праедуць танкі Т-90, бронетранспарцёры БТР-82А, баявыя машыны пяхоты і дэсанту БМП-3 і БМД-2К-АУ, бронеаўтамабілі «Тыгр», самаходныя артылерыйскія ўстаноўкі САУ 2С19 «Мста», а таксама зенітныя ракетна-гарматныя комплексы «Панцыр», — паведамілі ў Міністэрстве абароны Расійскай Федэрацыі. Ад расійскіх ВПС у парадзе возьмуць удзел 15 самалётаў, у тым ліку бамбавікі-ракетаносцы Ту-22М3, Ту-95МС, знішчальнікі Су-34 і вучэбна-баявыя Як-130.

Улічваючы, што ўсяго ў мінскім парадзе возьмуць удзел 5 тысяч вайскоўцаў і 260 адзінак тэхнікі, расійскі складнік выглядае вельмі значным.

Чым абумоўленая такая актыўнасць Расіі ў выкарыстанні сваёй тэхнікі на замежных парадах у гэтым годзе?

Адказвае вайсковы аналітык, кіраўнік праекта Belarus Security Blog Андрэй Паратнікаў.

Андрэй Паратнікаў: Па-першае, усё ж юбілейная дата. Другая сусветная, як і ў нас, у Расіі становіцца хрыбтом дзяржаўнай ідэалогіі. З тым адрозненнем, што ў нас Гітлера перамог савецкі народ, а там — рускі народ-пераможца. Па-другое, трэба прадэманстраваць, што Расія не трапіла ў міжнародную ізаляцыю. На парады запрашаюць як мінімум сяброў, а як правіла — хаўруснікаў.

«Наша Ніва»: Чаму менавіта такі набор тэхнікі дасылае Расія ў Беларусь для ўдзелу ў парадзе?

АП: Тое, што перавага аддадзеная наступальным узбраенням, павінна дэманстраваць гатоўнасць Крамля да актыўных дзеянняў.

Гэта такі мэсэдж «рускія не здаюцца». І яскравая праява настрояў, якія пануюць у расейскіх вярхах.

На жаль, настроі гэтыя суседзяў Расеі радаваць не могуць: градус імперска-шавіністычнай істэрыі зашкальвае.

«НН»: Колькі каштуе такая буйнамаштабная адпраўка тэхнікі ў Беларусь? І хто нясе выдаткі?

АП: Я не ведаю дакладных лічбаў. Магу толькі ўпэўнена казаць, што пералёт кожнага бамбавіка Ту-95 — гэта сотні тысяч даляраў. Да такой высновы можна прыйсці, калі параўнаць кошт фрахту транспартнага самалёта параўнальнай масы. Таму агулам удзел расейскага кантынгенту ў парадзе ў Мінску можа каштаваць мільёны даляраў. Без уліку амартызацыі тэхнікі, зразумела.

І адбываецца гэта, вядома, за кошт расійскіх пенсіянераў і хворых на анкалогію, для якіх не знайшлося сродкаў у федэральным бюджэце на болесуцішальныя сродкі. За кошт Беларусі — толькі размяшчэнне і харчаванне расійскіх вайскоўцаў. 

«НН»: Ці ёсць імавернасць, што нейкія з экзэмпляраў гэтай тэхнікі ў бліжэйшай будучыні могуць быць атрыманыя Беларуссю?

АП: Мы ўжо атрымалі Як-130 і браневікі «Тыгр» пад назвай «Ліс». Астатняя тэхніка, якую будуць дэманстраваць расіяне, для нас альбо дарагая, альбо старая, альбо непатрэбная. На халеру нам стратэгічныя бамбавікі?

«НН»: Навошта Расіі ўдзельнічаць у беларускім парадзе?

АП: Гэта дэманстрацыя зоны ўплыву: «Тут русскій дух, тут Русью пахнет».

Але гэта дэманстрацыя не для Захаду. Гэта дэманстрацыя для афіцыйнага Мінска: каб не забываліся. І не загуляліся ў шматвектарнасць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?