— Пра мяне бабуля казала: трэба было чорту нарадзіцца, радзілася дзеўка… Хто гэта думаў, што выйдзе такі спакойны, разважлівы чалавек.

Маіна Густаўна ставіць на пліту вясёлы чайнік у дробныя кветачкі, запарвае моцны чорны чай і частуе нас па-каралеўску: венскім пірагом ды вафельным торцікам. Сочыць, каб адразалі сабе кавалкі большыя. Сіцечка для гарбаты доўга не знаходзіцца. «Ну, значыць, будуць чаінкі!» — смяецца яна.

Цягам нашай размовы ў Маіны Густаўны звоніць тэлефон: сябры, родныя, суседзі… Здаецца, ва ўсім, што робіць і гаворыць гэта жанчына, — глыбокае шанаванне жыцця. Магчыма, такое наступства невясёлых гадоў ваеннай маладосці.

Маіна Густаўна Стырнэ нарадзілася ва Уздзе ў 1925-м, але з маленства жыла ў Мінску. «Для мяне горад канчаўся на Камароўцы, — кажа яна. — Калі пабудавалі Акадэмію навук, тата вазіў мяне, паказваў».

Іх вялікая сям’я — тата-латыш, мама-паляшучка родам з Давыд-Гарадка, маленькая сястрычка і маміны бацькі: непісьменная бабуля і дзядуля-рэвалюцыянер, што 12 гадоў адбыў на катарзе за царскім часам, — жыла ў доме на месцы цяперашняй Малой сцэны Купалаўскага тэатра, насупраць Аляксандраўскага сквера.

«Скверык быў працягам нашага двара. Мы гулялі там: графіня, граф, а сяброўка мая была служанкай. Мы ведалі, што людзі ездзяць на дачу. І мы таксама «ехалі на дачу»: скверык і быў нашай «дачай».

Дзяўчынка вучылася ў школе на рагу вуліц Маркса і Леніна, на месцы цяперашняга сквера Грыцаўца. Перад вайной увялі плату за навучанне, з восьмага класа. Аднакласнікі пасыходзілі хто куды.

«Бабуля працавала прыбіральшчыцай у кветкавай краме. Я ёй кажу: «Пайду працаваць». Бабуля паглядзела на мяне і адказвае: «Я поўзаць буду, але ты ў мяне школу скончыш!».

Катастрофа

У 1941-м з сям’і ў 16-гадовай дзяўчыны адна бабуля і засталася. Бацьку, намесніка рэдактара часопіса «Бальшавік Беларусі», рэпрэсавалі ў 1937-м, маму — праз год. Сястрычка і дзед памерлі. 

У першыя дні вайны Мая з бабуляй паспрабавалі эвакуявацца. Па Магілёўскай шашы: людзі ішлі суцэльнай плынню, локаць у локаць. «Так страшна. Упадзеш — падняцца ўжо не зможаш. І я кажу: бабуля, давай сыдзем з дарогі.Мы вярнуліся ў Мінск, два ці тры дні сядзелі ў парку Горкага».

Артысты цырка зрабілі яміну на месцы танцпляцоўкі і абклалі яе цыркавымі дыванамі. Там хаваліся ад бамбёжкі самі, хавалі і іншых. 28 ліпеня, па праспекце, Мая з бабуляй і сям’ёй сяброўкі пайшлі ў бок Масквы. Дайшлі да Калодзішчаў, да чыгункі. У два грузавыя цягнікі, якія ішлі адзін за адным з інтэрвалам у гадзіну, набілася шмат людзей. Мая з бабуляй селі ў другі. «Сядзім, і я чую нібы рэха ад цягніка, але, здаецца, не нашага». У паўсне падалося, што прымроілася.

І тут здарылася катастрофа: іх цягнік урэзаўся ў першы.

«Я падаю і думаю, хоць бы галавой адразу — не рука, не нага — а то што ж я буду рабіць без рукі, без нагі?..» Падаючы з цягніка, Маіна Густаўна выбіла калена. Яно баліць дасюль. Такая вось памяць пра вайну, і праз 70 гадоў не загоеная.

Усю ноч пасля крушэння дзяўчына шукала бабулю. «Яна была ў зімовым паліто — людзі ўсё што маглі на сябе апраналі». Жахліва апісвае Маіна Густаўна, як нарэшце знайшла роднага чалавека каля чыгуначнага насыпу. Бабуля была яшчэ жывая. «Галаву яе паклала сабе на калені, а што там далей у яе — баюся глядзець. Ногі былі перакручаныя, ступня абрэзаная». Бабуля ўвесь час намаўляла ўнучку сыходзіць, ратавацца.

Хутка з’явіліся савецкія салдаты і прагналі цывільных, сказаўшы, што зараз будуць прымаць бой. За некалькі гадзін бою бабуля, якая заставалася ляжаць каля чыгункі, памерла. «Пакіньце мяне, я буду яе хаваць», — ірвалася дзяўчына. «Як ты будзеш магілу капаць?!» — угаворвалі яе спадарожнікі. «Рукамі!» — адказвала яна. Тады бацька і брат сяброўкі закруцілі яе ў коўдру і сілком павялі адтуль.

«Пайду з вамі ў гета»

Праз пяць дзён пасля сутыкнення цягнікоў з выбітым каленам і раздзёртай нагой Мая вярнулася ў Мінск. «Дасюль памятаю карціну: на ўездзе ў горад, каля парку Чалюскінцаў, стаіць нямецкая машына, і побач дзве нашыя дзяўчынкі — смяюцца, размаўляюць з немцамі! Мяне гэта так уразіла!»

Дом, у якім Мая жыла да вайны, згарэў. Ёй удалося пасяліцца ў Пушкінскім пасёлку — раёне драўляных двухпавярховых дамкоў паміж Акадэміяй навук і паркам Чалюскінцаў. Кут знайшоўся ў кватэры тэатральнага артыста Ямпольскага, якога вайна заспела на гастролях, і суседзі адамкнулі яго жытло для тых, хто не паспеў эвакуявацца.

Побач з Маяй жылі дзве яе сяброўкі-яўрэйкі, якія збіраліся сыходзіць у гета.

«Я не магла ўявіць, што адна застануся. Сказала, што пайду з імі. Але яны аднойчы паслалі мяне па ваду, а калі я вярнулася, іх не было, і ляжала на стале запіска: мы сышлі ў гета, ты нас не шукай».

Мая шукала, хадзіла ў гета. Але так і не знайшла. Нагледзелася жахаў — проста на яе вачах на Ракаўскай вуліцы немец забіў яўрэйку: «Ішоў афіцэр па тратуары, дастаў пісталет — і яна ўпала. Яўрэям нельга было хадзіць па тратуарах, яна ўпала на дарогу. Гэта было так страшна, што я забыла, куды ішла».

Побач з Пушкінскім пасёлкам, на Талбухіна, было поле бульбяное, шмат разоў перакапанае, «але мы ўсё адно туды хадзілі і перакопвалі, а потым знойдзеную бульбу запякалі ў печцы». Тут жа побач быў лагер ваеннапалонных — кожны ранак заставаліся замерзлыя трупы.

У люфтвафэ

Хутка бульба скончылася. Каб выжыць, трэба было тэрмінова шукаць працу. «Выглядала я жахліва», — усміхаецца Маіна Густаўна. Уся вопратка згарэла з домам. Дзяўчына насіла 45-га памеру боты з галошамі, шэры жакет, знойдзены на сметніцы і перашыты.

Пасля многіх спробаў юнай Маі ўдалося ўладкавацца ў будаўнічую кантору, якая будавала ў Мінску аэрадром для люфтвафэ.

Прыбірала пакоі, дзе жылі інжынеры, пазней перайшла на кухню, а нарэшце — ў офісе перакладчыцай. Інжынеры — немцы, аўстрыйцы, галандзец — былі цывільныя і рознага веку. Быў нават васьмідзесяцігадовы, прыгадвае Маіна Густаўна.

Праца дапамагла трохі наладзіць побыт. Дзяўчына брала з дому праць пасцель — на працы кацёл награваў ваду. «Адзін раз пасля працы як уявіла, што трэба вяртацца ў халодную хату, печку распальваць, — расказвае Маіна Густаўна. — Знайшла пусты пакой, да батарэі прыціснулася. І раптам заходзіць немец, запальвае святло. Я думаю: ну што ён зараз зробіць? А ён паглядзеў, развярнуўся і сышоў».

«Так я з немцамі працавала два гады, — расказвае Маіна Густаўна. — Аднаго я ненавідзела. Ён хадзіў па яўрэяў у гета, браў іх на работы, потым адводзіў назад. У яго быў бізун, ён увесь час ляскаў ім па зямлі. Я думала: «Вось паразіт». Сказала адной яўрэйцы, а яна мне: «Што вы, ён нікога пальцам не крануў!.. Ён перадае лісты, прывозіць адказы».

«Рускія» станікі і бойка з кухарам

Былі сярод мінскіх работнікаў люфтвафэ і жанчыны. Немка адзначылася тым, што выкрала ў галоўнага кухара ключы ад буфета і цягала адтуль каву ды цукар. А беларускіх дзяўчат ставіла «на шухер»: «Пыталася: чаго вам? Цукру мы прасілі і нешта яшчэ… Аднойчы немка запыталася: чаму ў рускіх жанчын так грудзі прыгожа трымаюцца? Папрасіла сшыць ёй такі ж бюстгальтар, як у нас».

Расказвае Маіна Густаўна і іншую гісторыю, што адбылася ў канцы 1943 года. Яна тады працавала на кухні.

«Я сядзела ў кухні, нікога не было. Я наліла сабе супу і чытала… Тут убягае шэф-кухар з крыкам: мы звонім, а ты тут сядзіш (пасля аказалася, электрычнасці не было і званок не працаваў). Я павінна была супніцу ўзяць, наліць і аднесці ім.

Ён выхапіў у мяне кніжку, кінуў яе: «Есці ты будзеш тады, калі мы паямо, і тое, што застанецца!» Ах так! Я выліла суп у памыі. А ён падышоў ззаду і ўдарыў мяне. Я падняла рукі і пайшла на яго. А ён адступае.

Дзяўчаты потым казалі, што ў мяне быў зверскі выгляд. Я заціснула яго ў кут і давай малаціць! «Мяне бацька родны не біў, — крычу, — а тут паганы фрыц руку падымае». Слёзы сталі мяне душыць, я схапіла паліто і ўцякла. Пазней дзяўчына, што працавала на рабочай кухні, перадавала: толькі і размоваў было пра тое, як ты пабілася з Кіршке».

Праз балота ў партызаны

На той час яна ўжо была партызанскай сувязной. У атрад Маю прывяла сяброўка, медсястра Паліна, разам з якой яны працавалі. Каб не выходзіць з горада праз КПП на праспекце, дзяўчаты ішлі праз Камароўскае балота. Часам за горадам дзяўчат сустракала падвода. Людзі былі адно аднаму невядомыя, аднак дамаўляліся, як пазнаць сваіх. Напрыклад, вялікі палец на назе будзе завязаны чырвонай анучай.

Аднойчы здарыўся казус:

«Два немцы падбеглі і пытаюцца, куды едзем. — На Барысаў. — О, гут. Пачынаюць распытваць падрабязнасці. Я думаю, маўчаць — больш падазрона — і кажу: у партызаны едзем. Немцы як сталі рагатаць! Адзін саскочыў з падводы, прысеў і паказвае, што я б абкакалася са страху — у партызаны ісці!».

«Я была трэба партызанам, бо працавала ў дзяржаўнай канторы. Я насіла ім бланкі, праштампоўвала аўсвайсы», — кажа яна. У атрадзе Маіна Густаўна пачула і першую ў жыцці прапанову рукі і сэрца — ад камандзіра Івана Фёдаравіча. Тады ў лесе з’явіліся немцы і паліцаі, і ён даручыў іх «пужнуць». А 17-гадовую Маю адвёў убок.

«Я ўжо сабе нафантазіравала нейкае асаблівае заданне, — усміхаецца Маіна Густаўна. — А ён сказаў: «Мая, выходзь за мяне замуж».

Французы дзівіліся

У студзені 1944 года Маіну Густаўну арыштавала СД. Яна два месяцы сядзела на Валадарцы, але даказаць, што яна была партызанскай сувязной, следчыя не змаглі: «Прыкідвалася дурніцай, казала, што ў атрад хадзіла з цікавасці».

І ў сакавіку яе вывезлі ў Францыю, на прымусовую працу. Пасля Брэста вагоны не адкрывалі пяць сутак, толькі ўжо на тэрыторыі Бельгіі, Францыі сталі выпускаць: «Зорнае неба там абсалютна іншае, не такое, як у нас».

Іх адвезлі на будаўніцтва Атлантычнага вала, які Германія ўзводзіла супраць дэсанту антыгітлераўскай кааліцыі. «Мы былі брыгадай грузчыкаў, жанчыны. Грузілі бярвенне, дошкі, рэйкі. Першы час і рукі разбівалі, і прыціскалі, потым навучыліся. Хадзілі французы глядзець, як жанчыны грузяць…»

«Нейкая паперка»

Пасля была праца ў Германіі, вызваленне арміяй дэ Голя… «Часам думаю: як гэта аднаму чалавеку столькі дасталося. Тут бы і на дзесяць хапіла…

Мне з біяграфіяй вельмі шанцавала: бацькі арыштаваныя савецкай уладай, тут — у акупацыі была», — з горкай іроніяй адзначае Маіна Густаўна.

Пасля вайны Маіна Густаўна скончыла Белдзяржуніверсітэт, доўгія гады працавала ў газетах «Колхозная правда» і «Чырвоная змена».

Цікава, што доўгі час яна ўдзельніцай вайны не лічылася. Штаб партызанскага руху выпісаў ёй даведку, але калі пазней усе сталі мяняць даведкі на пасведчанні, жанчына гэтым не пераймалася.

Адзін выпадак змяніў стаўленне: «Рэдактар сабраў нас 9 мая і падчас віншаванняў кажа: у Маіны Густаўны таксама ёсць нейкая паперка… «Паперка» так мяне закранула, што я пабегла фатаграфавацца і атрымліваць пасведчанне ўдзельніка вайны».

У кватэры Маіны Густаўны многа карцін, што напісаў яе муж-мастак, а здымкаў мала — усе старыя сямейныя фота згарэлі ў вайну, разам з кватэрай.

Але памяць Маіны Густаўны глыбокая, падрабязная, і карціну ваеннага жыцця, што паўстае з расповедаў гэтай спакойнай годнай жанчыны, не абмяжоўвае рамка фотаздымка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?