Фота агенцтва Франс Прэс.

Фота агенцтва Франс Прэс.

Што трэба для паспяховага рабавання па-буйному? Добры план, выдатныя выканаўцы, правільнае месца і падыходзячы час, фактар, які адцягне ўвагу ад злачынцаў і дасць ім час знікнуць, і канешне ж, варты аб’ект рабавання. У нядзелю, 3 мая велізарная колькасць людзей па ўсім свеце стала сведкамі аднаго з самых грандыёзных рабаванняў у свеце, якое транслявалася ў прамым эфіры шматлікімі тэлеканаламі.

Афіцыйна гэта называлася аб’яднаўчым боем за тытул чэмпіёна свету боксе па версіях WBC, WBO і WBA у паўсярэдняй вагавай катэгорыі (да 67 кг) паміж філіпінцам Эмануэлем Пак’яа і амерыканскім баксёрам Флойдам Мэйуэзерам-малодшым. Мэні Пак’яа з’яўляўся чэмпіёнам па версіі WBO і перад гэтым паядынкам меў 57 перамог (38 накаўтам), 5 паразаў і 2 нічыіх. Мэйуэзер жа валодаў тытуламі WBA і WBC, і за ўсю прафесійную кар’еру (47 баёў) так і не зведаў ніводнага іншага рэзультату, акрамя перамог, 26 з якіх атрымаў датэрмінова. Шмат хто лічыць Мэні і Флойда аднымі з лепшых баксёраў у гісторыі, а на дадзены момант яны займаюць 3 і 1 месца ў сусветным рэйтынгу баксёраў без залежнасці ад вагавай катэгорыі. Такое супрацьстаянне павінна было падарыць шмат эмоцый і вялікую інтрыгу. Неафіцыйна ўсе называлі гэта «боем стагоддзя». Але зараз мы вам раскажам, чаму гэтае мерапрыемства – бліскучае рабаванне. Давайце па парадку. Глядзіце ўважліва за лічбамі. Яны тут – галоўнае.

Каго абрабавалі? У першую чаргу – усіх аматараў бокса. Асабліва тых, хто заплаціў за прагляд так званага «бою стагоддзя». Заплаціць можна было па-рознаму. Умяшчальнасць MGM Grand Garden Arena, што ў Лас-Вегасе, дзе і праходзіў бой, — 16.800 чалавек. У вольны продаж паступіла ўсяго толькі 500 білетаў, якія былі раскупленыя менш, чым за хвіліну, а кошт самага таннага з іх склаў 1.500 даляраў. Астатнія білеты распаўсюджваліся прамоўтэрамі баксёраў і іншымі кампаніямі. Па выніку, самы дарагі квіток абыходзіўся ўладальнікам у 65.000 даляраў. Хаця гэта таксама толькі афіцыйныя звесткі: за дзень да бою ў Інтэрнэце спрабавалі прадаць квіток за 150.000 даляраў.

Для тых мільёнаў аматараў боксу, хто не патрапіў у MGM Grand Arena, каналы HBO і Showtime прапаноўвалі платную ТБ-трансляцыю коштам 99,95 даляраў. Расійскія гледачы, напрыклад, маглі падзівіцца на гэты бой бясплатна – Першы канал выкупіў правы на прамую трансляцыю паядынку. А вось беларусам прыходзілася шукаць іншыя шляхі – легальныя і не вельмі. Таксама варта узгадаць, што букмекеры прынялі 400 мільёнаў даляраў ставак на гэты бой. Самую вялікую зрабіў вядомы рэпер 50 cent – 1,6 млн даляраў на перамогу свайго сябра Флойда Мэйуэзера.

Калі ўлічыць усе віды прыбытку, то агулам арганізатары бою зарабілі не менш за 400 мільёнаў даляраў ЗША. Фіксаваныя ганарары байцоў склалі 80 млн даляраў для Пак’яа і 120 для Мэйуэзера. Так-так, тут няма абдрукоўкі. Для даведкі – гадавая зарплата найлепшага футбаліста свету Крышціану Раналду на дадзены момант складае 19 млн даляраў. Такім чынам, паўабаронцу мадрыдскага «Рэалу» спатрэбіцца гуляць на цяперашнім узроўні больш за 6 год, каб атрымаць столькі ж, колькі Флойд Мэйуэзер за адзін бой. А калі ўлічыць яшчэ асабістыя спонсарскія кантракты і ганарар за рэзультат бою, то атрымаецца, што прыбытак Пак’яа склаў больш за 100 млн даляраў, а Мэйуэзера – каля 150. Нездарма, атрымліваецца, Флойд носіць вельмі характэрную мянушку – «Грошы».

На гэтым фоне кошт чэмпіёнскага пояса арганізацыі WBC, які атрымліваў пераможца супрацьстаяння – «усяго-та» адзін мільён даляраў, падаецца проста сімвалічным. Пояс, дарэчы, быў выраблены 20 мексіканскімі майстрамі спецыяльна да падзеі і аздоблены 3017 брыльянтамі, а таксама 800 грамамі золата.

Яшчэ адна рыса гэтага віртуознага рабавання – доўгая і планамерная падрыхтоўка, як у лепшых галівудскіх фільмах пра геніяльных махляроў. Так, спробы арганізаваць бой пачаліся яшчэ ў 2009 годзе, і скончыліся поспехам толькі амаль праз 6 год.

Дык у чым жа рабаванне? – спытаеце вы. Непасрэдна сам бой – гэта проста адцягванне ўвагі ад таго, КОЛЬКІ грошай было зроблена на ўсім гэтым мерапрыемстве. Не варта падрабязна расказваць аб ходзе супрацьстаяння. Калі цэнзурна апісваць рэакцыю большасці экспертаў бокса пасля яго прагляду, то яе можна падсумаваць адным словам — «нудоціна». 12 раўндаў рухання па рынгу, класічная бездакорная абаронная тактыка Мэйуэзера, беспаспяховыя спробы раскачаць праціўніка ад Пак’яа і поўны ноль эмоцый ад баксёраў. Не было іх ні перад боем, ні падчас яго, ні па яго заканчэнні: не тое, што абяцання разарваць суперніка, як Тузік грэлку ці з’есці яго сям’ю, а нават звычайнай крытыкі. Нібы не лепшыя баксёры ў свеце будуць высвятляць адносіны ў рынгу, а старыя сябры збяруцца на пятнічны спарынг. Карацей кажучы, па выніку – перамога Мэйуэзера адзінагалосным рашэннем суддзяў. А цяпер паглядзіце на фатаграфію. На ёй — твары двух баксёраў пасля «бою стагоддзя». Гэта такім чынам павінна выглядаць? Вам не падаецца, што штосьці тут не так?

Усё было скончана прыблізна а палове дзявятай раніцы па беларускім часе. Пакуль наша краіна толькі прачыналася, геніяльныя аферысты Мэні, Флойд і іх банда ўжо дзялілі прыбытак ад самай дарагой падзеі (нават ужо боем гэта назваць рука не падымаецца) ў гісторыі бокса. І толькі велізарная колькасць народу па ўсім свеце задала сабе адное і тое ж пытанне: «што гэта было?».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?