Фёдар Лісіца. Фота lesgazeta.by

Фёдар Лісіца. Фота lesgazeta.by

Яго абвінавацілі ў злоўжыванні ўладай і службовымі паўнамоцтвамі. Паводле следства, Лісіца незаконна набыў зямельны ўчастак, пабудаваў і прыватызаваў жылы дом, нямэтава выкарыстоўваў бюджэтныя сродкі.

На гэтым тыдні ў якасці сведкі выклікалі міністра лясной гаспадаркі Міхаіла Амельяновіча. Амаль дзве гадзіны ён адказваў на пытанні пракурора і адвакатаў. І ўвесь час абараняў свайго падначаленага.

«Фёдара Дзянісавіча я ведаю ад 1999 года як найпрыстойнейшага, найсумленнейшага кіраўніка. З падначаленых патрабаваў выканання абавязкаў і быў строгі да сябе».

Адзін з эпізодаў, у якім вінавацяць Лісіцу, тычыцца службовай кватэры ў сталіцы. Калі ў 2010 ён пераехаў у Мінск на высокую пасаду, у яго не было тут свайго кута. Засялілі ў службовую кватэру РВЦ-Лес (цэнтр павышэння кваліфікацыі) у аграгарадку Ждановічы. Там ён зрабіў дарагі рамонт, у якім не было патрэбы, на думку абвінаваўцы, закупіў за дзяржгрошы мэблю. А пасля паспрабаваў і прыватызаваць.

«Кватэра пуставала працяглы час. У той час быў ужо створаны кааператыў «Лес-2010», у якім усе супрацоўнікі РВЦ-Лес стаялі ў чарзе. І калі ім прапаноўвалі гэтую кватэру, то яны ўсе адмаўляліся: бо іх выключылі б тады з кааператыва», — даводзіць законнасць засялення міністр.

Але кватэра была ў кепскім стане. Бачыў усе яе хібы і Амельяновіч. Будынак, у якім жыў Лісіца, уключае ў сябе тры кватэры, вучэбны корпус, спартзалу. Тут праводзяцца і міністэрскія нарады.І рамонт адбываўся не выключна ў адным памяшканні.

«Рамонт патрабаваўся. Сцяна была такая, што прамярзала. Калі б мы не зрабілі рамонт у гэты перыяд, з 2010 па 2012, будынак мог бы разваліцца. Я калі заходзіў да Лісіцы, звярнуў увагу: «Як ты жывеш?» Падлога ўспушана была, на сценах — цвіль».

«Найпрыстойнейшы чалавек і кіраўнік», — паўтараў Амельяновіч.

А пасля выйшаў указ Лукашэнкі, які дазваляў службовае жытло прыватызаваць. У міністэрстве тады два супрацоўнікі пачалі збіраць адпаведныя дакументы. І Лісіца, калі пра гэта даведаўся, папрасіў уключыць у спіс на прыватыза цыю і яго. Так і зрабілі, паколькі меў патрэбу ў жытле — у Мінску.

Але працэс прыватызацыі спыніла праверка Камітэта дзяржкантролю: кантралёры палічылі, што ўся працэдура незаконная. І ў выніку ні адзін з траіх работнікаў міністэрства не атрымаў запаветныя кватэры ва ўласнасць. 

«У мяне таксама былі сумненні»

Міністр Амельяновіч аказаўся дасведчаным кіраўніком: прынамсі, у курсе ўсіх спраў Лісіцы. Хоць сяброўскіх адносін не падтрымлівалі.

Ён пазнаёміўся з Лісіцам пасля свайго прызначэння ў 1999-м на пасаду дырэктара Мінскага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання: курыраваў усе лясгасы вобласці. Таму ён пракаментаваў і будаўніцтва дома ў вёсцы Тычыны. Амельяновіч акурат быў на будоўлі гэтага дома, які цяпер адзін з галоўных козыраў у руках абвінаваўцы: катэдж пабудаваў за кошт лясгаса, а затым яго прыватызаваў па заніжаным кошце.

Гэты дом, па словах міністра, будаваўся адразу не пад Лісіцу: адразу не ведалі, каму з работнікаў дастанецца. Але кіраўнік мае першачарговае права на атрыманне службовага жытла. «Думаю, там парушэнняў няма».

Між іншым, Амельяновіч на судзе хваляваўся, часам глытаў словы. І нішто не выдавала ў ім міністра — гаварыў без пыхі. А калі скончыўся амаль двухгадзінны допыт, ён праявіў ініцыятыву і зрабіў заяву па іншым эпізодзе.

У 1999 годзе ездзіў па лясніцтвах. Заехаў у Яскавічы да Лісіцы. «Стаіць там высокі дом. Я падумаў, што гэта будынак лясніцтва. А ён кажа: «Гэта дом, які мы будуем разам з сям’ёй». У мяне адразу ўзніклі сумненні, як ён мог пабудаваць дом на тэрыторыі дзяржлясгаса. І тады яго жонка прынесла дакументы, па якіх сельсавет выдзеліў зямлю для будаўніцтва дома: менавіта на землях сельсавета». Маўляў, гэты эпізод пацвярджае сумленнасць яго былога падначаленага.

Па словах міністра, на сёння землеўпарадкавальныя і лесаўпарадкавальныя карты ў краіне не заўжды супадаюць. І яшчэ цяпер працягваецца праца па іх унармаванні. Гэта да пытання, што ўчастак Лісіцы ў Яскавічах па некаторых дакументах належаў да ляснога фонду, і ён незаконна вывеў зямлю і пабудаваўся.

У працэсе абвешчаны перапынак: чакаюцца вынікі экспертызы. Адвакаты рыхтуюць дадатковыя дакументы і новых сведак па справе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?