У Мінску сёння зроблены прарыў, якога чакалі з 12 лютага, заявіў журналістам прадстаўнік самаабвешчанай Данецкай Народнай Рэспублікі Дзяніс Пушылін.

«Здзейснены прарыў, якога, напэўна, усе чакалі з моманту падпісання комплексу мер 12 лютага. Запусціліся і пачалі працаваць падгрупы, прычым досыць канструктыўна», — сказаў ён.

Паводле яго слоў, узгодненыя пазіцыі ў цэлым. Ён выказаў надзею, што з сённяшняга дня пачнецца новы этап і атрымацца напоўніць працу падгруп канструктывам. «Адпаведна, набліжаецца паўнавартаснае перамір'е», — падкрэсліў ён.

Пытанне ўвядзення міратворцаў сёння не абмяркоўвалі, але яно застаецца на парадку дня. Пра гэта заявіў журналістам былы прэзідэнт Украіны Леанід Кучма.

«Галоўнае для нас — спыненне агню і адвод цяжкіх узбраенняў», — сказаў Кучма.

Леанід Кучма дадаў, што кожная з працоўных груп, прадстаўнікі якіх сустракаліся сёння ў беларускай сталіцы, будзе ў залежнасці ад сітуацыі вызначацца з месцам сустрэчы. «Але, па вялікім рахунку, прынята рашэнне, што працоўныя групы сустракаюцца ў Мінску», — сказаў ён.

Новапрызначаны прадстаўнік расійскага боку ў трохбаковай кантактнай групе па Украіне Азамат Кульмухаметаў назваў сёння журналістам імёны расійскіх прадстаўнікоў у працоўных групах.

У групу па бяспецы ўвайшоў прадстаўнік Генштаба Узброеных Сіл Расіі Яраслаў Маскаль, у групу па гуманітарных пытаннях — намеснік міністра Расійскай Федэрацыі па справах грамадзянскай абароны, надзвычайных сітуацыях і ліквідацыі наступстваў стыхійных бедстваў Уладзімір Сцяпанаў, у групу па палітычных пытаннях — Максім Палякоў, пасаду якога Азамат Кульмухаметаў не назваў. У групу па эканамічных пытаннях уваходзіць намеснік міністра эканамічнага развіцця Расіі Сяргей Назараў.

У сваю чаргу Леанід Кучма адзначыў, што Украіну ў кожнай працоўнай групе прадстаўляюць «аксакалы, якія слоў на вецер не кідаюць». Ён удакладніў, што першы кіраўнік Службы бяспекі Украіны, які таксама займаў пасады прэм'ер-міністра і міністра абароны, Яўген Марчук уваходзіць у групу па бяспецы; былы сакратар Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны, які таксама займаў пасаду дарадцы прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнкі, Уладзімір Гарбулін — у групу па палітычных пытаннях; дэпутатка Вярхоўнай рады Ірына Герашчанка — па гуманітарных пытаннях; першы намеснік кіраўніка галоўнага дэпартамента па пытаннях ўкаранення рэформаў Адміністрацыі Прэзідэнта Украіны Ігар Верамей — па эканамічных пытаннях.

Наступная сустрэча падгрупы па бяспецы можа прайсці 19 мая, заявіў Кучма.

Спецыяльная прадстаўніца АБСЕ Хайдзі Тальявіні адзначыла, што, як плануецца, найбліжэйшая сустрэча адбудзецца ў Мінску 16 мая — збярэцца падгрупа па эканамічных пытаннях. Яшчэ дзве падгрупы — па палітычных і гуманітарных пытаннях — маюць сустрэцца ў Мінску 19 мая. Падгрупа па бяспецы будзе працаваць у рэгіёне, сказала спецпрадстаўніца АБСЕ, маючы на ўвазе — на месцах, у Данбасе.

Украінскія СМІ ў рэпартажах па выніках сустрэчы акцэнтуюць увагу на тое, што гаворкі пра ўвод міратворцаў на Данбас не было.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?