Праўленне Нацыянальнага банка прыняло рашэнне аб адклiканнi з 7 мая 2015 ліцэнзіі на ажыццяўленне банкаўскай дзейнасці ў ЗАТ «БІТ-Банк».
«Рашэнне прынятае з улікам вынікаў комплекснай праверкі ЗАТ «БІТ-Банк», якія сведчаць пра высокія рызыкі ў яго дзейнасці і нездавальняючую якасць кіравання, а таксама ў сувязі з невыкананнем ЗАТ «БІТ-Банк» лiцэнзiйных патрабаванняў да велічыні нарматыўнага капіталу банка, адсутнасцю выразных перспектыў па яго нарошчванні, парушэннем iншых патрабаванняў банкаўскага заканадаўства, што можа прывесці да стварэння пагрозы інтарэсам укладчыкаў і іншых крэдытораў банка», — гаворыцца ў паведамленні.
Па велічыні актываў БІТ-Банк займае 27-е месца сярод 31-га беларускага банка.
Доля актываў банка ў банкаўскай сістэме неістотная і на 1 мая складае 0,07%. У паведамленні падкрэслена, што БІТ-Банк не працуе з дэпазітамі фізічных асоб.
У адпаведнасці з артыкулам 99 Банкаўскага кодэкса Рэспублікі Беларусь з моманту адклікання ліцэнзіі на ажыццяўленне банкаўскай дзейнасці да моманту стварэння ліквідацыйнай камісіі або прызначэння гаспадарчым судом антыкрызіснага кіраўніка банка забаронена заключэнне новых дамоў і перазаключэнне на новы тэрмін раней заключаных, выкананне абавязацельстваў банка па іх, у тым ліку ажыццяўленне аперацый па карэспандэнцкім рахунку банка, за выключэннем аперацый, звязаных з бягучымі і эксплуатацыйнымі плацяжамі банка, выплатай выхадных дапамог i аплатай працы асоб, якія працуюць па працоўным дагаворы (кантракце), у межах каштарысу выдаткаў, што ўзгадняюцца з Нацыянальным банкам. Забараняецца таксама вяртанне грашовых сродкаў, памылкова залічаных на карэспандэнцкі рахунак банка.
Акрамя таго, пастановай праўлення Нацбанка ад 6 мая прыпынена да 6 жніўня 2015 года дзеянне ліцэнзіі ЗАТ «Еўрабанк» на ажыццяўленне асобных банкаўскіх аперацый.
У гэты перыяд банк не зможа:
— прыцягваць грашовыя сродкі юрыдычных асоб на рахункі і ва ўклады;
— размяшчаць прыцягнутыя грашовыя сродкі юрыдычных асоб на рахункі і ва ўклады ад свайго імя і за свой кошт на ўмовах зваротнасці, платнасці і тэрміновасці;
— адкрываць і весці банкаўскія рахункі юрыдычных асоб (за выключэннем вядзення раней адкрытых банкаўскіх рахункаў юрыдычных асоб);
— ажыццяўляць разліковае і касавае абслугоўванне фізічных асоб;
— ажыццяўляць валютна-абменныя аперацыі;
— ажыццяўляць давернае кіраванне грашовымі сродкамі;
— ажыццяўляць фінансаванне пад уступку грашовага патрабавання (фактарынг);
— ажыццяўляць перавозку наяўных грашовых сродкаў, плацежных інструкцый, каштоўных металаў і каштоўных камянёў і іншых каштоўнасцяў, а таксама дастаўку такіх каштоўнасцяў кліентам банкаў і нябанкаўскіх крэдытна-фінансавых арганізацый.
Такое рашэнне Нацбанк прыняў у сувязі з невыкананнем ЗАТ «Еўрабанк» асобных ліцэнзійных патрабаванняў, устаноўленых Банкаўскім кодэксам Беларусі, а таксама з улікам вынікаў комплекснай праверкі банка, якія сведчаць пра высокія рызыкі ў яго дзейнасці і недастаткова здавальняючую якасць кіравання.
«Прынятае рашэнне не прывядзе да ўзнікнення ў ЗАТ «Еўрабанк» абавязацельстваў па датэрміновым выкананні дагавораў з укладчыкамі і іншымі крэдыторамі.
Як раней паведамлялася, у сакавіку гэтага года Нацбанк адклікаў ліцэнзію ў «Дэльта-Банка». Асобы, вінаватыя ў краху банка, вызначаюцца.