Інфраструктурны аператар beCloud пачаў будаўніцтва Рэспубліканскага цэнтра апрацоўкі даных. Цырымонія закладкі першага каменя адбылася 7 мая ў пасёлку Калодзішчы пад Мінскам, дзе будзе размяшчацца РЦАД. 

Як заявіў журналістам генеральны дырэктар СТАА «Беларускія воблачныя тэхналогіі» (beCloud) Сяргей Паблагуеў, стварэнне Рэспубліканскага цэнтра апрацоўкі даных — задача дзяржаўнага ўзроўню. На яго базе будзе размешчана рэспубліканская «воблачная» платформа з выкарыстаннем інфраструктуры Адзінай рэспубліканскай сеткі перадачы даных. Першымі кліентамі платформы, якая дзейнічае на аснове тэхналогій «воблачных» вылічэнняў, стануць органы дзяржаўнага кіравання. 

Намеснік старшыні савета дырэктараў СТАА «Беларускія воблачныя тэхналогіі», дырэктар РУП «Нацыянальны цэнтр абмену трафікам» Мікалай Кочкін паведаміў, што на плошчах РЦАД размесцяцца рэсурсы дзяржаўных органаў і арганізацый Беларусі. У адпаведнасці з указам прэзідэнта гэтыя рэсурсы на планавай аснове будуць перамешчаныя на пляцоўку РЦАД да 31 снежня 2018 года. Галоўныя акцэнты ў стварэнні дата-цэнтра beCloud робіць на сучаснасці, надзейнасці і бяспецы. 

Паводле ацэнак экспертаў, сёння рынак публічных ЦАД Беларусі складае прыблізна 250 стоек. Рэспубліканскі цэнтр апрацоўкі даных спраектаваны на 600 стоек, што дазволіць задаволіць рост патрэбнасці кліентаў. Плошча РЦАД для ўстаноўкі IT-абсталявання зойме больш за 1.200 квадратных метраў пры агульнай плошчы прыблізна 3.000 кв. м. 

«Мы з упэўненасцю ўступаем у пачатак гэтага праекта, разумеючы, што рынак нам ужо не проста гаворыць — ён ужо, вобразна кажучы, крычыць пра неабходнасць паслуг ЦАДаў», — сказаў Паблагуеў. 

Рэспубліканскі дата-цэнтр ствараецца па модульнай сістэме, гэта значыць са спецыяльных, аўтаномна створаных модуляў. Адной са значных пераваг модульных ЦАД з'яўляецца магчымасць наступнага нарошчвання магутнасцяў. 

Акрамя таго, РЦАД стане першым дата-цэнтрам краіны, які адпавядае міжнароднаму ўзроўню надзейнасці і бяспекі. Гэта будзе пацверджана сертыфікатам Tier III Uptime Institute. 

Сярод распрацовак Uptime Institute (UI) шмат прызнаных індустрыяльных стандартаў для ЦАД. Адным з іх стала сістэма класіфікацыі ўзроўняў надзейнасці (Tier). Гэтая сістэма ацэньвае надзейнасць і адмоваўстойлівасць дата-цэнтра. Сертыфікат UI па ўзроўні адмоваўстойлівасці Tier III сведчыць пра высокую ступень надзейнасці і бяспекі цэнтра апрацоўкі даных. 

Інжынерную інфраструктуру для РЦАД стварае сусветны лідар пабудовы цэнтраў апрацоўкі даных — кампанія Emerson. Удзел таксама бярэ вядомая ІТ-кампанія SoftLine. 

Фінансавае забеспячэнне праекта РЦАД узяў на сябе аператар beCloud і, у прыватнасці, яго інвестар. Кошт праекта пакуль не раскрываецца. Чакаецца, што РЦАД пачне аказваць паслугі з 2016 года. 

***

СТАА «Беларускія воблачныя тэхналогіі» (beCloud) – першы інфраструктурны аператар Беларусі, створаны на падставе ўказа прэзідэнта 19 снежня 2012 года. Дзейнасць beCloud заключаецца ў праектаванні, будаўніцтве, абсталяванні і эксплуатацыі наступных аб'ектаў: апорнай сеткі перадачы даных для Адзінай рэспубліканскай сеткі перадачы даных; Рэспубліканскага цэнтра апрацоўкі даных; сеткі чацвёртага пакалення LTE; участка транзітнай магістралі сеткі электрасувязі па тэрыторыі Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?