Амерыканская кампанія Next Thing за дзень набрала на сэрвісе Kickstarter сродкі на выпуск звыштаннага камп’ютара C.H.I.P.

«Сістэмны блок» камп’ютара змяшчаецца на плаце памерам з дзве запальнічкі. Пры гэтым ён можа функцыянаваць як паўнавартасны (хай і не вельмі магутны) настольны камп’ютар — трэба толькі дадаць экран ды клавіятуру.

C.H.I.P. мае мабільны працэсар Allwinner A13 на частаце 1ГГц, 512 Мб аператыўнай памяці і 4 Гб унутранай памяці, модулі WiFi і Bluetooth, а таксама USB- і miniUSB-порты ды выхад для падключэння да экрану.

Камп’ютар працуе на Debian — дыстрыбутыве папулярнай бясплатнай аперацыйнай сістэмы Linux. То значыць, ён можа даць паўнавартасны графічны інтэрфейс, мноства праграм і нават гульні.

З яго дапамогай можна працаваць з дакументамі, карыстацца інтэрнэтам, вучыцца праграмаваць ці пісаць музыку.

Да «голага» C.H.I.P. прапануецца Pocket C.H.I.P. корпус з 4,3-цалевым экранам, батарэяй на 3000 мАг і QWERTY-клавіятурай, што нагадвае кішэнныя камп’ютары «эры да iPhone». Камплект з самім камп’ютарам будзе каштаваць 49 даляраў.

На момант публікацыі праект набраў 123 тысячы даляраў з 50 неабходных. Да завяршэння збору грошай засталося 29 дзён. Пастаўкі C.H.I.P. пакупнікам плануецца пачаць у маі 2016 года.

C.H.I.P. выйшаў значна таннейшым за распаўсюджаны сёння аднаплатны камп’ютар Raspberry Pi, што прадаецца за 25-35 даляраў. Raspberry Pi быў выпушчаны ў продаж у 2012 годзе, з таго часу было пастаўлена амаль 5 млн экзэмпляраў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?