…афіцыйны Саюз пісьменьнікаў

Была некалі так званая «руская сэкцыя» ў Саюзе пісьменьнікаў. У ёй сябраў было болей, чым ва ўсіх сэкцыях паводле жанраў. Гэта было такое аўтаномнае стварэньне, куды ўступалі расейскамоўныя пісьменьнікі. На пачатку 1950‑х яна была скасаваная з ініцыятывы, здаецца, Броўкі. Расейская сэкцыя была шматлюднай, шумнай, прэтэнцыёзнай, але сапраўдных літаратараў там можна было пералічыць па пальцах: празаікі Барыс Бур’ян, Мікола Садковіч, паэт і перакладчык Навум Кісьлік. Астатнія не пакінулі сьледу ў літаратурным працэсе.

Не скажу, што гэтыя людзі варожа ставіліся да беларусаў, беларускасьці. Але яны, у большасьці сваёй, прыежджыя з Расеі, шчыра лічылі, што яны тут дома. Ім былі незразумелымі нашыя нацыянальныя праблемы.

Стаўленьнем да ўсяго беларускага і творчым патэнцыялам сёньняшні саюз, які ўзначальвае генэрал Чаргінец нагадвае мне тую расейскую сэкцыю.

Аўруцін, наваяўлены геній і ледзьве не надзея расейскай паэзіі, да нядаўняга часу абураўся, што расейскамоўных пісьменьнікаў тут у нас заціскаюць. Я запярэчыў яму артыкулам у ЛіМе, на які ён у сваю чаргу адказаў абсалютна нахабным, хамскім тонам, і я ня стаў зь ім дыскутаваць — апошняе слова засталося, нібыта, за ім.

У прадмове да яго апошняй кніжкі нейкі прафэсар Андрэеў напісаў, што Аўруцін — паэт больш значны, чым Іосіф Бродзкі. Вось, маўляў, каму трэба даваць Нобэлеўскую прэмію! А я пагартаў гэтую кніжку і ўпэўніўся, што гэта, так бы мовіць, адлюстраванае сьвятло: там многа перайманьняў з Валошына, наагул з паэтаў Срэбнага веку, Веніяміна Блажэннага…

У гэтым саюзе, вядома, ёсьць таленавітыя людзі — Раіса Баравікова, напрыклад. Але ў асноўным там «раёншчыкі»: людзі, якія навучыліся пісаць нешта падобнае на літаратуру. А яшчэ Міхаіл Сьвятлоў жартам гаварыў, што можа за невялікую плату вельмі хутка навучыць пісаць вершы, якія можна друкаваць у «Камсамольскай праўдзе». Вось і яны навучыліся пісаць так, што іх можна друкаваць у «Советской Белоруссии».

…талент

Я асабіста ніколі нідзе не называю сябе пісьменьнікам. Я літаратар. Бо пісьмень¬нік — гэта Колас, Купала, Быкаў. Там гэтая цьвярозая самаацэнка часта зьнікае. І чалавек зь вельмі сьціплым дараваньнем лічыць сябе ўсясьветнай зоркай літаратуры!

Вось нядаўна адбыўся суд на пазоў Чаргінца да газэты «Новы час» і журналіста Аляксандра Тамковіча. Іх забавязалі сплаціць вялізныя грошы генэралу. У пазове Чаргінца ёсьць фраза: «Пра мяне як пра вядомага пісьменьніка, палітыка, генэрала‑сэнатара ведаюць ня толькі многія грамадзяне і журналісты нашае дзяржавы, але і жыхары і прадстаўнікі СМІ з розных краінаў сьвету». Хочацца сказаць: «Дарагі Мікалай Іванавіч! У вас ёсьць пэўнае кола чытачоў, пэўная ніша ў літаратуры таго жанру, у якім вы працуеце. Але ў вас няма той вядомасьці, якая ёсьць у майстроў гэтага жанру — Ле Карэ, Сімэнона, Юліяна Сямёнава…» У Чаргінца ёсьць пэўныя здольнасьці — і ня больш. Але гэта ні ў якім разе яго не зьневажае, таму што маленькая яскарка — з таго самага рэчыва, што і вялікае полымя. Але гэта толькі яскарка, так Бог даў. Чалавек павінен гэта разумець, тым больш чалавек, якому вось‑вось будзе семдзесят… Гэта тая самая хвароба, што ў Аўруціна: чалавеку ўжо за пяцьдзясят, а ён раптам адкрыў у сабе генія. У паэзіі ж, калі ты не адбыўся да 25, то ўжо і не адбудзесься… Вось так.

…папсу

Вельмі дыскрэдытуе паэзію папса. Ужо амаль немагчыма пачуць нармальную песьню!

… малыя наклады літаратуры

У часы СССР літаратура была ня толькі і ня столькі літаратура, колькі справа палітыкі, ідэалёгіі. Ніхто не глядзеў, купяць тваю кніжку, ці яна будзе сьпісаная. Гэта было вельмі зручна для пісьменьнікаў, але й заахвочвала графаманаў. Тады, можа, чыталі і больш, бо жыцьцё было застойнае…

Цяпер іншае стаўленьне да грошай, да літаратуры… Я магу і не чытаць Дантэ, але ў мяне мільёны, а ў цябе — вош на аркане… Цяпер літаратура прымушаная выжываць. І гэта добра. Вось хай выжывае тая літаратура, якую выдае «Мастацкая літаратура», і тая, якую выдаюць прыватныя выдавецтвы. Хай выжываюць. Я думаю, што, улічваючы нашыя ўмовы, нашыя культурныя, гуманітарныя і іншыя задачы, больш шансаў выжыць у нас, а ня ў іх. Бо менавіта мы стаім на нацыянальнай глебе. Мы, а не яны, выказваем галоўнае. Яны працягваюць жыць нейкімі хімэрамі. Вось зробяць саюзную дзяржаву — яны пачнуць славіць саюзную дзяржаву…

…маладых літаратараў

Авалодай хаця б адной мовай замежнай — той, што табе найбольш цікавая. І ня думай, што пераклады расейскія табе заменяць арыгіналы: будзеш тады глядзець на сьвет расейскімі вачыма. А табе гэта трэба?

…тое, за што сорамна

Калі я быў малым, да адыходу ў партызаны, мне даводзілася і красьці. Разам зь сябрамі мы залазілі ў які дом і бралі ежу, бо іначай мы памерлі б з голаду. Будучы сталым чалавекам, я сабе гэта дараваў. Хай і Бог даруе.

Калі ўспомніць партызанку, то ёсьць рэчы, за якія мне ня тое што сорамна, мне страшна! Напрыклад, як я боты забіраў. Восень глыбокая, я босы. Хлопцы кажуць: вось, зараз у гэтай вёсцы, у гэтай заможнай хаце дабудзем табе боты. Прыходзім, просім. Гаспадар не дае. Ну, я і раззлаваўся. Карабінчык сарваў з пляча, крычу: дзядзька, давай боты, а то застрэлю! Вось за гэта мне цяпер страшна.

Запісала Наталка Бабіна

***

Валянціну Тарасу 9 лютага спаўняецца 78 год. Рэдакцыя «Нашай Нівы» віншуе пісьменьніка з днём народзінаў і зычыць усяго самага найлепшага

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0