Днямі кнігу, якае мае шырокі фармат і выдатную паліграфію, прывезьлі ў Беларусь.

Падрыхтавалі кнігу да друку — расчытаньне, пераклад на беларускую мову, транслітэрацыя — Алесь Бразгуноў і Надзея Старавойтава. Кніга выйшла пад рэдакцыяй Марыюша Машкевіча — былога амбасадара Польшчы ў Менску.

Спрычыніўся да выданьня і Аляксандар Мілінкевіч, які напісаў уступ да кнігі.

Ва ўступе зазначаецца «Беларускі «Трышчан» ёсць сведчаннем нашых глыбокіх сувязяў з заходняй, еўрапейскай і хрысціянскай традыцыяй. Легенда ці міф пра цара Трышчана паўстаў у VII‑VIII ст. на брытанскіх выспах і расповеды пра яго больш як тысячу гадоў вандравалі па ўсёй Эўропе ў вуснай і пісьмовай формах. Рукапіс, які з’явіўся на пераломе XVI i XVII стагоддзяў, зусім не мусіць быць першай беларускай версіяй, напэўна такіх пераказаў было больш, толькі не ўсе яны захаваліся. Сярод іншых помнікаў і сведчанняў нашай глыбокай еўрапейскай гісторыі ёсць не толькі літаратурныя творы — Біблія Скарыны, «Песьня пра Зубра» Гусоўскага, творы Сымона Полацкага і Буднага. Вялікім сведчаннем нашай еўрапейскай культуры з’яўляецца некалькі выданняў і версіяў Статутаў — бадай найбольш сучаснай у той частцы Эўропы дзяржаўна‑прававой сістэмы, якая давала жыхарам нашай краіны пачуццё стабільнага права ўласнасці і павагі да чалавечай асобы. Усё гэта дае нам пачуццё гонару і глыбокае перакананне, што наша месца сярод народаў Эўропы, у цывілізацыі, якая стварае прастору для свабоды асобы і творчасці. Няхай наш беларускі Трышчан і шмат копіяў факсімільнага выдання, якое мы перадамо ў беларускія дамы, будзе такім сімвалам творчай свабоды і дэмакратычных памкненняў нашага еўрапейскага народу».

Кніга мае густоўна аздобленую цьвёрдую вокладку і высакаякасныя каляровыя фотаілюстрацыі. Выдадзены наклад будзе распаўсюджаны па бібліятэках краіны, унівэрсітэтах. Экзэмпляры кнігі будуць таксама прэзэнтаваны вядомым беларускім дзеячам.

Ул. інф. і паводле milinkevich.org

Фота Арцёма Лявы

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0