12 мая дуэт правядзе першую індывідуальную рэпетыцыю на сцэне Венскай гарадской залы (Wiener Stadthalle), 15 мая адбудзецца другая рэпетыцыя і прэс-канферэнцыя. Вечарам 17 мая беларускія канкурсанты разам з іншымі артыстамі возьмуць удзел у афіцыйнай цырымоніі адкрыцця конкурсу ў венскай ратушы. 

Сёлета беларуская дэлегацыя складаецца з 21 чалавека. Для конкурсу падрыхтавана промапрадукцыя ў выглядзе паштовак, прэзентацыйных буклетаў, блакнотаў і маек, а для паклоннікаў — пледы з выявай дуэта і электронныя гадзіннікі з флэш-картай, на якой размешчана інфармацыя аб артыстах.

Дуэт Uzari & Maimuna — гэта выканаўца, кампазітар і аранжыроўшчык мінчанін Юрый Наўроцкі (Uzari), якому 11 мая споўніцца 24 гады, і 35-гадовая скрыпачка Маймуна, ураджэнка Санкт-Пецярбурга, у жылах якой цячэ беларуская, украінская, іспанская і афрыканская кроў.

Абодва яны — вопытныя музыканты, удзельнікі міжнародных конкурсаў. Права выступаць на «Еўрабачанні» атрымалі па выніках нацыянальнага адборачнага тура. 

Шасцідзясяты конкурс «Еўрабачанне» пройдзе ў Вене 19—23 мая пад слоганам «Будуючы масты» (Building Bridges). Сёлета ў ім будзе ўдзельнічаць рэкордная колькасць краін — 40. У лютым арганізацыйная група «Еўрабачання» і тэлевізійны камітэт Еўрапейскага вяшчальнага саюза прынялі рашэнне дапусціць да ўдзелу ў юбілейным конкурсе Аўстралію. Прадстаўнік гэтай краіны выступіць адразу ў фінале конкурсу, як і прадстаўнікі краін — заснавальніц конкурсу і Аўстрыі, якая выйграла леташняе «Еўрабачанне». Беларусь удзельнічае ў конкурсе 12-ы раз. 

Акрамя ўдзельнікаў конкурсу на «Еўрабачанні» будуць прысутнічаць каля 1.300 членаў дэлегацый краін-удзельніц, а таксама амаль 1.700 журналістаў.

Прамую трансляцыю двух паўфіналаў і фіналу конкурсу будуць весці тэлеканалы «Беларусь 1» і «Беларусь 24». Каментаваць шоу будзе журналіст Яўген Перлін. У фінале, які адбудзецца 23 мая, балы ад Беларусі аб'явіць спявак Тэа — беларускі ўдзельнік леташняга «Еўрабачання». 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?