Амерыканскае планетарнае таварыства 20 мая запусціць на калязямную арбіту спадарожнік LightSail на сонечных ветразях, паведамляе Space.com.

LightSail мае чатыры трохвугольных ветразі агульнай плошчай 32 м². Калі яго палёт на сонечным ветры пройдзе паспяхова, у 2016 годзе будзе запушчаны ўжо большы апарат Prox-1.

Праект ацэньваецца ў 4,5 млн даляраў. У аснове апарату недарагі кампактны спадарожнік CubeSat.

Сонечныя ветразі выкарыстоўваюць ціск сонечнага святла — перадачу імпульсу паверхні ад бязважкіх фатонаў сонечнага выпраменьвання.

Як ні дзіва, сонечныя ветразі не прызначаныя да лоўлі сонечнага ветру — такую назву носіць іншая з’ява. Сонечным ветрам называюць паток іанізаваных часцінак (пераважна геліева-вадародную плазму), што выходзіць з сонечнай кароны. Для яго лоўлі выкарыстоўваецца электрамагнітны ветразь.

Ідэя сонечных ветразяў належыць савецкаму навукоўцу Фрыдрыху Цандэру, які ў 1920-х вырашыў, што фатоны хоць і не маюць масы, але маюць імпульс, а значыць і ствараюць ціск. Гэты ціск даволі малы каля Зямлі, але дзейнічае неабмежаваны час — такім чынам можна зэканоміць на касмічных рухавіках, што патрабуюць паліва.

Маштабных, тым больш міжпланетных праектаў на касмічных ветразях на сёння няма.

Першы сонечны ветразь быў разгорнуты ў космасе ў 1993 годзе на расійскім караблі «Прагрэс М-15». У 2010 годзе Японія ўжо запускала невялікі апарат IKAROS з сонечным ветразем, у 2011 годзе NASA запусціла невялікі спадарожнік NanoSail-D. У 2013 годзе ў космас выйшаў невялікі эстонскі спадарожнік ESTCube-1 на электрычным ветразі, што ловіць іоны сонечнага ветру.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?