Выпускнік Акадэміі мастацтваў Міця Післяк хоча намаляваць твор Івана Хруцкага «Партрэт жонкі з кветкамі і садавіной» на сцяне жылога дома 25 па вуліцы Карла Маркса. На работы па падрыхтоўцы сцяны, а таксама фарбы і будаўнічыя рыштаванні яму трэба 32 мільёны. Каб сабраць грошы, мастак размясціў свой праект на краўндфандынгавай пляцоўцы ulej.by.

За 2 тыдні Післяку ўдалося сабраць 12% ад неабходнай суммы. На карціну скінулася нават жыхарка таго самага дома, дзе мусіць з’явіцца твор, распавядае Міця Післяк.

Міця Післяк: «Я гэтую сценку даўно прыгледзеў і хацеў яе аформіць. Да таго ж, поруч — Мастацкі музей. Адміністрацыя раёна, куды я звяртаўся восенню, была радая такой ініцыятыве. Я выбіраў, якога мастака ўзяць, але карціны Івана Хруцкага добра кладуцца на маю чорна-белую графіку. Адна жанчына з гэтага дому дала мільён на праект».

Пры гэтым калегі з мастацкага асяроддзя ўжо паспелі выказаць свае сумневы ў гэтым праекце, дадае Міця Післяк.

Післяк: «Яны пратэстуюць, кажуць, што праца не ў тэму. Галоўны аргумент, што я недастаткова вядомы, каб размалёўваць штосьці ў цэнтры горада».

Працы Міці Післяка сёння ўжо можна пабачыць у некаторых раёнах горада. Намаляваць гэтую працу ён плануе сёлета з 1 ліпеня па 1 жніўня. Потым мастак хоча пашыраць праект «Карціна на сцяне» на іншыя гарады: Кіеў, Берлін, Парыж, Мілан, Барселона, Нью-Ёрк. У гэтых гарадах ён плануе намаляваць творы мастакоў, якія там жылі і працавалі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?