Апошнія два дзесяцігоддзі ХХ стагоддзя перадалі нямала самых сур’ёзных нявырашаных праблем новаму ХХI стагоддзю, з характэрнай для яго няспыннай інтэнсіфікацыяй глабалізацыйных працэсаў.

Дзякуючы намаганням цывілізаванага свету, удалося і ўдаецца ў значнай ступені стрымліваць негатыўнае ўздзеянне такіх працэсаў на культурную разнастайнасць планеты Зямля.

Каласальныя намаганні робяць прагрэсіўныя сілы свету для захавання нацыянальных моваў як самай дарагой, аб’ектыўна нічым незаменнай духоўнай каштоўнасці кожнага народа. Менавіта з улікам гэтага сама Арганізацыя Аб’яднаных Нацый абвясціла 21 лютага кожнага года Міжнародным днём роднай мовы.

На падставе вынікаў рэферэндуму 14 мая 1995 года статус другой па ліку дзяржаўнай мовы атрымала ў нас і руская мова. Да гэтага яна фактычна панавала ў нас і рэальны статус яе быў намнога вышэйшы, чым беларускай мовы, якая па Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 года з’яўлялася адзінай дзяржаўнай. Кіраўніцтва Беларусі зрабіла ўсё, каб толькі руская мова заняла панавальнае становішча ў абслугоўванні ўсіх сфераў дзейнасці чалавека.

Паслярэферэндумнае дваццацігоддзе для рускай мовы сталася па-сапраўднаму залатым. Для павышэння сацыяльнай ролі рускай мовы ў нашым краі не маглі столькі зрабіць ні царскія, ні савецкія ўлады.

Умацаванне пазіцый рускай мовы ў грамадскім ужытку забяспечвалася за кошт свядомага, мэтанакіраванага недапушчэння сюды беларускай мовы, у выніку чаго на сваёй гістарычнай тэрыторыі яна зараз выконвае празмерна мізэрны ў параўнанні з рускай мовай аб’ём сацыяльных функцый.

Калі народ вялі на рэферэндум, улады абяцалі яму забяспечыць поўны парытэт у выкарыстанні дзвюх дзяржаўных моў у афіцыйным жыцці.

З гэтым нічога не выйшла: беларускай мове пагражае беззварот нае знікненне. Каб не дапусціць такой нацыянальнай катастрофы, чарговае пасля 14 мая 2015 года дваццацігоддзе ўладам неабходна зрабіць дваццацігоддзем па-сапраўднаму трыумфальным для беларускай мовы.

Вельмі пажадана, каб з нагоды двадццацігоддзя майскага рэферэндуму ў першую чаргу прэзідэнт краіны, падначалены яму дзяржаўны чыноўніцкі апарат, а таксама само грамадства знайшлі магчымасць палепшыць сітуацыю з беларускай мовай.

Няма на сёння больш ганаровага абавязку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0